ФСБ правядзе маштабныя антытэрарыстычныя вучэнні ў Крыме
Супрацоўнікі спецназа Федэральнай службы бяспекі Расіі (ФСБ) 24-29 траўня правядуць маштабныя вучэнні па прадухіленні тэрактаў і дзеянняў дыверсантаў на сушы і на моры ў Крыме. Удзел у вучэннях прымуць каля 2000 вайскоўцаў, а таксама бронетэхніка, авіяцыя і флот, перадае РБК.
Падчас вучэнняў плануецца праверыць, наколькі падраздзяленні Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ Расіі гатовыя спыніць тэракты і ліквідаваць дыверсійныя групы ўмоўнага праціўніка на тэрыторыі паўвострава і ў марской акваторыі. Паведамляецца, што вучэнні пройдуць у два этапы. Супрацоўнікі спецназа будуць трэніравацца на аб'ектах марской інфраструктуры крымскага прадпрыемства "Чарнаморнафтагаз", а таксама на аб'ектах санаторна-гатэльнага комплексу ў Еўпаторыі.
Раней, 21 красавіка, пра антытэрарыстычныя вучэнні ў Херсонскай вобласці, на мяжы з Крымам, паведамляла Служба бяспекі Украіны. У СБУ падкрэслівалі, што гэта звычайныя планавыя вучэнні.