G7 пагражае рэжыму Лукашэнкі "вялізнымі дадатковымі выдаткамі"
Аляксандру Лукашэнку паказваюць, адкуль пагражаюць новыя санкцыі / president.gov.by
G7 пагражае рэжыму Аляксандра Лукашэнкі "вялізнымі дадатковымі выдаткамі", якія на яго будуць ускладзены. Новыя санкцыі чакаюць улады Беларусі ў выпадку больш актыўнага ўцягвання краіны ў вайну Расіі супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў G7 па выніках сустрэчы ў Германіі. У ёй таксама адзначаецца: "Мы паўтараем наш заклік да беларускіх уладаў спыніць дазваляць Расіі весці агрэсіўную вайну, у тым ліку дазваляць расійскім Узброеным сілам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для запуску ракет, накіраваных на Украіну".
G7 пагражае эканамічнымі санкцыямі і Расіі, і іншым краінам, фізічным і юрыдычным асобам, якія "аказваюць ваенную падтрымку агрэсіўнай вайне Масквы".
У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Францыя, ЗША, Канада і Японія. У самітах аб'яднання ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Еўрасаюза. У кастрычніку лідары G7 заклікалі ўлады Беларусі не садзейнічаць расійскай агрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.