Галоўная ёлка Беларусі сёлета будзе “піксельнай”

Галоўная ёлка Беларусі сёлета будзе “піксельнай”

На мінулым тыдні ў Полацку выпаў першы снег, а гэта значыць, што не паспеем мы і вокам міргнуць, а на двары калядныя святы! А гэта, у сваю чаргу, значыць, што прадбачлівыя мінскія камунальныя службы вельмі хутка пачнуць прэвентыўна ўсталёўваць галоўную ёлку Беларусі на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

“Мантаж каркаса ёлкі мы традыцыйна пачынаем у другой палове лістапада, прыкладна ў 20-х чыслах месяца. Ёлка будзе крыху адрознівацца ад папярэдніх, гэта факт. У тэхнічным выкананні гэта будзе ўсё такая ж каркасная канструкцыя са штучнай хвоі, але ўпрыгожаная яна будзе іншым і больш сучасным чынам”, — распавядаюць Еўрарадыё ў агенцтве “Мінскрэклама”.

Ёлачным дэкорам сёлета зоймецца дзяржаўнае прадпрыемства “Мінгарсвятло”. Як распавёў Еўрарадыё Уладлен Чухін, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела арганізацыі, у гэтым годзе будуць сюрпрызы:

“Наша праца пачынаецца адразу пасля таго, як ёлка ўпрыгожваецца звычайным ёлачнымі цацкамі. Тады ўжо нашае “Гарсвятло” падключае ілюмінацыю, гірлянды і гэтак далей. Але канчатковы тэрмін устаноўкі ўсіх ёлак ў горадзе — 15 снежня.

Што тычыцца галоўнай ёлкі краіны, на ёй будуць змены. Замест звычайных светлавых гірлянд будзе прымененае так званая “піксельная” гірлянда, на якой кожны піксель будзе ўпраўляцца. Будзе ўтварацца светлавы экран. Цяпер, дзякуючы такой гірляндзе, можна будзе паказваць надпісы, малюнкі ці нават выявы герояў мультфільмаў! Так што, будзе адназначна цікавей і весялей, асабліва для дзяцей”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі