Галоўны трэнер беларускай зборнай па біятлоне пакінуў Хахфільцэн
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Юрый Альберс пакінуў аўстрыйскі Хахфільцэн 9 лютага. Менавіта ў гэтым аўстрыйскім горадзе цяпер праходзіць чэмпіянат свету.
Яшчэ ў панядзелак трэнер адчуў недамаганне, паведамляе by.tribuna.com са спасылкай на "Біятлон online". Альберс спрабаваў справіцца з праблемай з дапамогай абязбольвальных уколаў. Але ўжываць іх пастаянна немагчыма і нават небяспечна.
Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі біятлона Анатоль Стромскі паведаміў, што Альберс быў вымушаны з'ехаць, бо яму неабходнае аператыўнае медыцынскае абследаванне і, магчыма, шпіталізацыя.
Нагадаем, што 9 лютага на змяшанай эстафеце беларуская каманда заняла 22-е месца з 25 камандаў.
10 лютага ў Хахфільцэне адбудзецца жаночы спрынт на 7,5 км.