Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Нядаўна мы апублікавалі топ самых чытаных тэкстаў Еўрарадыё ў 2018 годзе. Гэта быў выбар чытачоў, і ён чакана разышоўся з меркаваннямі саміх журналістаў пра галоўныя тэксты года, таму кожны супрацоўнік рэдакцыі вызначыў адзін свой артыкул, які лічыць самым важным. І мы склалі яшчэ адзін топ.

 

Маша Калеснікава

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

У ХХІ стагодзі ВІЧ-станоўчыя беларусы вымушаныя хаваць твары. Па сутнасці, праз неадукаванасць грамадства. Калі прымаць адмысловую тэрапію, вірус блакуецца, і ВІЧ-пазітыўны чалавек робіцца незаразным. На жаль, грамадства не асабліва цікавіцца поспехамі сучаснай медыцыны.

ВІЧ-пазітыўным людзям у нашай краіне шмат што забаронена, але год таму Беларусь зрабіла важны крок: ім дазволілі ўсынаўляць дзяцей і рабіцца апекунамі. Праўда, дазволілі акуратна, толькі тым, у каго першая і другая стадыя захворвання. Пры гэтым людзі, якім калісьці паставілі больш цяжкую стадыю, і якія спраўна прымаюць антырэтравірусную тэрапію і адчуваюць сябе здаровымі, такога права пазбаўленыя.

Дагэтуль я не мела досведу камунікацыі з людзьмі з ВІЧ і не ведала, як гэта будзе. Мае героі перажылі няпростыя часы, але гэта ніяк не перашкодзіла ім быць класнымі людзьмі. Цяпер я дакладна ведаю, што мы, журналісты, мусім больш пісаць пра праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з ВІЧ.

 

Зміцер Лукашук

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Гандаль з акупаванымі тэрыторыямі Данбаса — тэма, якая даўно мяне цікавіць. На Еўрарадыё раней выходзіў мой матэрыял-расследаванне пра пастаўкі ў так званыя ДНР/ЛНР беларускіх прадуктаў харчавання. Тады ў рэдакцыю тэлефанавалі з Данецка і абяцалі накіраваць у Мінск хлопцаў з гранатамётам, а гэта значыць, што расследаванне пацэліла ў болевую кропку. Таму і інфармацыя пра пастаўкі антрацыту з шахт акупаванага Данбаса ў Еўропу адразу прыцягнула ўвагу. Стала цікава, ці завязаная ў гэтую схему паставак Беларусь…

 

Анастасія Бойка

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Тэма арміі ўвесь год мільгала ў стужцы навін Еўрарадыё і іншых беларускіх СМІ. У тым ліку праз гучную "справу Коржыча" — расследаванне (сама)забойства 21-гадовага пінскага салдата тэрміновай службы ў падвале медроты навучальнага цэнтра ў Печах.

Са жніўня па лістапад я амаль выпала з працы рэдакцыі з-за суда па гэтай справе. Шчыра — гэта было цяжка. Канцэнтрацыя на адной тэме, шматгадзінныя судовыя пасяджэнні, трагедыя Святланы Коржыч — маці загінулага радавога… Гэты тэкст далёка не адзіны, які мог апынуцца тут, але дакладна той, якому тут самае месца.

 

Раман Пратасевіч

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

За паўгода, што я на Еўрарадыё, атрымалася зрабіць шмат фотарэпартажаў з розных куткоў краіны. Галоўнымі тэмамі для мяне сталі звычайныя людзі, якія пацярпелі ад дзяржавы. А самым важным тэкстам я лічу гісторыю “маці-328”, чыя дачка знаходзіцца ў крытычным стане за кратамі і наўрад ці дажыве да вызвалення. Гэта было вельмі цяжка. Ужо ў тэлефоннай размове я адчуў, што жыццё жанчыны зламанае. Наталля Антанюк плакала ў трубку і прасіла дапамагчы ўратаваць дачку…

 

Павел Свярдлоў

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Што ў Беларусі жабрацкія пенсіі, спрачацца бессэнсоўна. Але нават тут ёсць сацыяльны стандарт: сярэдняя пенсія не мусіць быць меншай за 40% ад сярэдняга заробку. Дакладней, мы думалі, што ён ёсць, бо пару гадоў таму пра гэта як пра важную рэч для нацыянальнай бяспекі згадвала тагачасная міністр працы і сацыяльнай абароны Марыянна Шчоткіна.

У чэрвені 2018-га мы з Віктарам Малішэўскім вырашылі праверыць, ці выконваецца стандарт. Выявілася, што не. Як жа так? Мы паднялі дакументы і высветлілі, што чыноўнікі замянілі ў іх адно слова. Гэта дазволіла ім эканоміць на кожным пенсіянеры ў сярэднім па 37 рублёў у месяц. За год атрымлівалася ашчаджаць 1 млрд рублёў!

У канцы 2017 года міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч распавяла Еўрарадыё, што пенсіі ў 2018 годзе вырастуць толькі аднойчы. 1-га траўня гэтае павышэнне адбылося. Але пасля нашага чэрвеньскага артыкула пенсіі былі павышаныя яшчэ двойчы за год: 1-га жніўня і 1-га лістапада. Вось могуць жа, калі захочуць!

 

Марыя Вайтовіч

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Для мяне лепшы тэкст — той, што змог дапамагчы ды нешта змянiць. Той пасля якога стала лепей жыць хоць бы аднаму чалавеку. Таму я вылучыла артыкул пра 76-гадовую прафесарку Сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, якую звольнілі з працы праз сфабрыкаваную справу аб хабары. Пасля публікацыі Раісу Лянькову ўзнавілі на працы, а яе дачка даслала ў рэдакцыю ліст з падзякай.

 

Аляксей Карпека

Галоўныя тэксты года. Выбар рэдакцыі Еўрарадыё

Самым моцным сваім тэкстам у гэтым годзе я лічу інтэрв'ю з Вольгай, маці загінулага салдата Аляксандра Арлова. Яго знайшлі ў пятлі 5 верасня, у бытоўцы слонімскай вайсковай часці №33933. Гэта другое вядомае самагубства ў гэтай часці за пяць гадоў.

Размова з маці была складанай і эмацыйнай. Жанчына, літаральна праз гадзіну пасля таго, як пахавала свайго адзінага сына, асіплым голасам распавядала пра абставіны яго гібелі. Маці сцвярджае, што Аляксандра павесілі. У Міністэрстве абароны лічыць, што гэта быў суіцыд, ніяк не звязаны са службай у арміі. Следства пакуль не скончылася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі