“А я зараз пакажу…” — з чаго смяяліся беларусы ў 2022 годзе

Год быў, мякка кажучы, не самы вясёлы, але без жартаў і мемаў ён нас не пакінуў / калаж Улада Рубанава
Год быў, мякка кажучы, не самы вясёлы, але без жартаў і мемаў ён нас не пакінуў / калаж Улада Рубанава

2022-і беларусам запомніцца зусім не вясёлымі падзеямі: вайна ва Украіне, працяг рэпрэсій у Беларусі. Аднак без жартаў і мемаў гэты год нас не пакінуў. 

Еўрарадыё ўзгадвае, з чаго сёлета смяяліся беларусы.

“А я зараз пакажу…”

Лукашэнка заўсёды быў галоўным мемаробам у Беларусі, чые абсурдныя выказванні станавіліся “залатымі” і сярод беларусаў, і ішлі “на экспарт”. Але вясной 2022-га, здаецца, Лукашэнка пераплюнуў сам сябе. Праз некалькі тыдняў ад пачатку вайны на сустрэчы з Пуціным ён заявіў ужо культавае: “А я зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад”. Спойлер: Лукашэнка так нічога і не паказаў, але цытата ўмомант стала мемам.

Росквіт беларускамоўнага стэндапу

Комік Ідрак Мірзалізадэ, які дзяцінства і юнацтва правёў у Беларусі, у красавіку даў інтэрв’ю праекту “жыццё-маліна”, частка якога была на беларускай мове. Але талыш па нацыянальнасці на гэтым не спыніўся: неўзабаве ён выпусціў ролік са сваім выступам у Тбілісі па-беларуску, які фактычна стаў першым беларускамоўным стэндапам на YouTube — “Смешна ці не?”.

Праз некалькі месяцаў свой выступ па-беларуску выпусціў і Слава Камісаранка — “Усё зразумела”. 

А яшчэ пазней у YouTube з’явіўся адмысловы канал з беларускамоўным стэндапам — panstandup, які робяць беларускія комікі ў Варшаве.
 

Дарэчы, там выходзіць не толькі стэндап, але іншыя забаўляльныя фарматы. І ўсё, вядома, па-беларуску.

“Советская Белоруссия”

Беларуская дзяржаўная прапаганда з пачаткам вайны ва Украіне канчаткова злучылася ў наратывах са сваімі расійскімі калегамі. Ад гэтага, падаецца, толькі расквітнеў сатырычны тг-канал “Советская Белоруссия”, які штодня пуляе свае дасціпныя пасты. Выраз “Савецкая Беларусія” альбо праўда?” выйшаў у народ, бо бывае вельмі цяжка адрозніць рэальную навіну ад жарту ананімнага/ых аўтара/ў каналу.

Twitter

На падзеі ў Беларусі і свеце рэагаваў і беларускі сегмент Twitter — аператыўна і з гумарам. І кантэнту твітарскія робяць так шмат, што Еўрарадыё прыйшлося зрабіць штотыднёвы агляд — “Чык-чырык”.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі