Гардон: Лукашэнка абяцаў даць "зялёнае святло" на перадачу баевікоў ва Украіну

Гардон: Лукашэнка абяцаў даць "зялёнае святло" на перадачу баевікоў ва Украіну

Аляксандр Лукашэнка абяцаў даць "зялёнае святло" на выдачу вінаватых баевікоў ва Украіну і Расію. Пра гэта распавёў украінскі журналіст Дзмітрый Гардон, які запісаў сёння інтэрв'ю з ім. 

Па словах журналіста, Лукашэнка выказаў рашучы намер адстойваць незалежнасць Беларусі. "Украіна моцна зацікаўленая ў тым, каб вялікая мяжа з Беларуссю была мяжой з Беларуссю, а не з Расіяй. Мяне прыемна натхніла рашучасць прэзідэнта Лукашэнкі адстойваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны. Гэта тое, чаго не хапіла Украіне, калі Расія скрала ў яе Крым. Мне было вельмі цікава пачуць тое, што сказаў Лукашэнка: калі б Расія ці іншая краіна замахнулася б на тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, ён бы змагаўся за сваю краіну да апошняга", — распавёў Гардон у каментары Радыё "Свабода".

Сярод іншага зайшла гаворка і пра нядаўна затрыманых у Беларусі баевікоў з расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер". Вялікая іх частка абвешчаная ва Украіне ў вышук за ўдзел у баях на Данбасе. 

"Ён сказаў, што Зяленскі прасіў яго перадаць Украіне тых, хто ўдзельнічаў у баях на Данбасе супраць Украіны, і ўкраінцаў у тым ліку. Ён сказаў, што будзе дадзена зялёнае святло пракуратуры і іншым праваахоўным органам Беларусі, якія адпаведна з беларускімі законамі зробяць усё неабходнае для таго, каб вінаватых перадаць і Расіі, і Украіне", — распавёў журналіст. 

Журналіст "Свабоды" спытаўся ў Гардона, якім яму падаўся стан здроўя Лукашэнкі. Напярэдадні падчас выступу з Пасланнем беларускаму народу і парламенту кіраўнік дзяржавы бясконца выціраў пот.

"Выглядае вельмі добра. Вельмі добра размаўляе. Інтэрв'ю было нечакана рэзананснае, смелае, цікавае. Ён агучыў цэлы шэраг сенсацыйных фактаў. Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае. Ён сказаў, што перахварэў на каранавірус, перанёс на нагах. Мы дэзінфікавалі з ім некалькі разоў рукі", — адказаў Гардон.

Па яго словах, Лукашэнка быў вельмі энергічны і 2 гадзіны 40 хвілін эмацыйна вёў дыялог, прычым эмацыйна. "На маю думку, ён абсалютна здаровы", — канстатаваў украінскі журналіст.

Інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам павінна выйсці ў эфір увечары 6 жніўня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі