"Гарызонт" анансаваў серыйную вытворчасць ноўтбука, які паказваў Лукашэнка
На "Гарызонце" ствараюць прадукт, які адпавядае "усім сусветным сучасным стандартам" / БЕЛТА
"Гарызонт" анансаваў серыйную вытворчасць ноўтбука, які 1 верасня паказваў Аляксандр Лукашэнка. Гендырэктар Юрый Прэдка кажа, што яна стартуе ў снежні 2022-га. "Мы працуем пад замову, — цытуе яго словы БЕЛТА. — ...У першую чаргу мы будзем пастаўляць у краіны СНД, улічваючы сертыфікацыю і патрабаванні".
Прэдка сцвярджае, што ноўтбук "Гарызонта" "будзе адпавядаць усім сусветным сучасным стандартам", і нейкія "эксперты яго вельмі ўважліва паглядзелі". На прадпрыемстве кажуць, што яны запатэнтавалі "новы сімвал — літару Н". "Сутнасць яе — сінэргія двух бакоў — вытворцы і спажыўца", — рапартуе гендырэктар.
1 верасня Лукашэнка прадэманстраваў "першы айчынны ноўтбук", зроблены на мінскім заводзе "Гарызонт". Хоць больш правільнае слова тут — сабраны. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў ім толькі 12% беларускага, а "да канца года будзе 30%". Гендырэктар "Гарызонта" не стаў удакладняць, ці будзе выканана сёлета гэтае заданне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.