Генпракуратура не будзе пераглядаць справу Канавалава-Кавалёва

Падставай для звароту ў Генпракуратуру сталі высновы камітэту ААН па правах чалавека, куды раней звярталіся сваякі пакаранага смерцю. Любоў Кавалёва і яе дачка Таццяна Козяр абгрунтавалі гэта тым, што камітэт ААН пастанавіў: беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва.



На думку экспертаў ААН, пры разглядзе гэтай справы беларускія ўлады парушылі шэраг палажэнняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах — забарону прымянення фізічнай сілы і прымусу да паказанняў супраць сябе, прэзумпцыю невінаватасці. Таксама, мяркуюць у камітэце ААН, суд не быў незалежным і аб’ектыўным, было парушана права на перагляд прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй.


Аднак Генпракуратура не лічыць высновы экспертаў ААН важкімі падставамі для перагляду справы: яны не з’яўляюцца “абставінамі, якія цягнуць за сабой працэсуальныя наступствы ў выглядзе аднаўлення вытворчасці па крымінальнай справе паводле зноў адкрытых акалічнасцяў”.



Тэракт у мінскім метро здарыўся 11 красавіка 2011 года. У сакавіку 2012-га абвінавачаныя ў ім Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі пакараныя смерцю. Афіцыйная дата смерці Уладзіслава Кавалёва — 15 сакавіка 2012 году, як мяркуецца, Канавалава расстралялі ў той жа дзень. З таго часу Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава,
змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына.



Камітэт ААН прызнаў каля 80% парушэнняў, апісаных у скарзе сястры і маці Уладзіслава Кавалёва. Напрыклад, было прызнана, што да Кавалёва ўжывалася фізічная сіла і яго прымусілі даць паказанні супраць сябе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі