Генпракуратура пачала крымінальную справу за БЧБ-сцяг, узняты ў Бухенвальдзе
Генпракуратура Беларусі пачала крымінальную справу праз тое, што на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Бухенвальд” замест чырвона-зяленага сцяга вывесілі бел-чырвона-белы. Гэтыя дзеянні кваліфікуюць як “распальванне нацыянальнай варожасці”.
“Падобныя дзеянні носяць яўна цынічны характар, прыніжаюць гонар і годнасць беларусаў. Гэта яшчэ і здзек з памяці пра мільёнаў загінулых на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, — сцвярджае ведамства.
Афіцыйны сцяг Беларусі 1991–1995 гадоў Генпракуратура называе “бело-красно-белым полотном”.
Як распавядала Еўрарадыё, кіраўніцтва Фонду мемарыяльных комплексаў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора вырашыла не запрашаць сёлета на афіцыйныя мерапрыемствы афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі. Гэта звязана з вайной, развязанай супраць Украіны. Падчас расійскага абстрэлу Харкава ў сярэдзіне сакавіка загінуў 96-гадовы былы вязень Бухенвальда Барыс Раманчанка.
У МЗС Беларусі адкліканае запрашэнне назвалі "прамой абразай" і "пляўком у твар людзям, якія перажылі жахі фашысцкіх канцлагераў". Забойства экс-вязня Бухенвальда Раманчанкі МЗС Беларусі ніяк не каментаваў.
На памятнай акцыі 10 красавіка ў Бухенвальдзе Беларусь прадстаўляў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. А афіцыйны чырвона-зялёны сцяг быў заменены на бел-чырвона-белы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.