Генпракуратура раскапала "расстрэльны" могільнік. Але хто там ляжыць?

Каго знайшлі, таварышы следчыя? / prokuratura.gov.by
Каго знайшлі, таварышы следчыя? / prokuratura.gov.by

У Мінскім раёне каля ўезду на палігон 120-й брыгады Генпракуратура раскапала могільнік, у якім выявіліся чэрапы і косці, а таксама фрагменты адзення і абутку, іржавыя гільзы і абоймы. Знайшлі пахаванне "згодна з архіўнымі звесткамі" і дзякуючы паказанням нейкага Чарнова В. Ф., якому больш за 25 гадоў таму "выпадковы мінак паказаў месца знішчэння мірных грамадзян". Але чые парэшткі знойдзеныя Генпракуратурай? Еўрарадыё пацікавілася ў эксперта.
 

Не спяшайцеся з высновамі

Генпрокуратура раскопала “расстрельный” могильник. Но кто там лежит?
Чыноўнікі ідуць на могільнік ва ўрочышчы Уручча / prokuratura.gov.by

"...З 1941 да 1944 года нямецка-фашысцкія акупанты звозілі сюды і расстрэльвалі мірных жыхароў", — пішуць на сайце Генпракуратуры. Лілія Ананіч, якая прыехала на могільнік,  паведаміла журналістам пра тое, што рыхтуецца закон, які асуджае і прызнае генацыд беларускага народа (у ВАВ). Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, які прысутнічаў на месцы раскопак, таксама згадаў тое, "наколькі бесчалавечнымі былі агрэсары". "Пра мужнасць і гераізм няскоранага беларускага народа" выказаўся і міністр абароны Віктар Хрэнін.

Хоць знойдзеныя ў могільніку прадметы яшчэ толькі "будуць накіраваныя для правядзення экспертных даследаванняў", рыторыка чыноўнікаў ужо пабудаваная вакол крымінальнай справы аб нацысцкім генацыдзе.

— Перш чым рабіць заключэнне, трэба правесці эксгумацыю і выявіць, каго там расстрэльвалі і калі, — расказвае Еўрарадыё кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў. — Трэба вызначыць контуры пахавання, правесці вывучэнне ў архівах КДБ, Нацыянальным архіве, правесці вывучэнне парэшткаў і рэчыўных доказаў. Ці можна гаварыць пра тое, што гэта ахвяры нацызму, на падставе таго, што пра гэта нехта сказаў і праз 25 гадоў нехта агучыў?

Так, многія ваенныя пахаванні дагэтуль мы не ведаем. Вядома, добра, што знайшлі. Калі высветліцца, што там ахвяры нацысцкіх рэпрэсій, то значыць, трэба ўвекавечыць памяць гэтых людзей.

 

"Калі ёсць дзеці, то, хутчэй за ўсё, не НКУС"

Генпрокуратура раскопала “расстрельный” могильник. Но кто там лежит?
Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў / Еўрарадыё

— Наколькі я ведаю, месцаў расстрэлу ў перыяд акупацыі або пахаванняў ахвяр нацысцкага тэрору ў раёне палігона 120-й уручанскай брыгады ніколі не выяўлялася, — кажа гісторык. — У архіве халакосту "Яд Вашэм" у Іерусаліме таксама няма ніякіх згадак. Побач знаходзіцца раён вёскі Вялікі Трасцянец, урочышча Благаўшчына, новыя могілкі Лясныя. Там ёсць і перадваенныя савецкія расстрэлы.

Акрамя ўрочышча Благаўшчына, у раёне палігона ніякіх пахаванняў я не ведаў. Яны нідзе не зафіксаваныя, і па актах надзвычайнай камісіі я таксама не чуў. Можа быць, яны тое, што ніколі не адкрывалася, знайшлі ў архіве КДБ? — задаецца пытаннем Ігар Кузняцоў. — Я як гісторык кажу: у гэтым раёне, акрамя ўрочышча Благаўшчына, дзе знаходзіцца 34 равы-магілы, і акрамя раёна палігона ЦБА, я іншых пахаванняў не ведаю. Не магу судзіць пра тое, што і як знайшлі і хто там сапраўды ляжыць.

Па словах гісторыка, калі ў пахаванні выяўляюць парэшткі дзяцей, то, хутчэй за ўсё, віна за расстрэл ляжыць на нацыстах, НКУС такая практыка была неўласцівая.

— Цяпер, праз столькі гадоў, немагчыма дакладна вызначыць — гэта расстрэлы 1937 года або 1941-га. Можа быць, гэта пахаванне 1920-х гадоў перыяду савецка-польскай вайны? Гэта цэлая праца, і згадваць гэта трэба са словамі "гіпотэза, здагадка", — падкрэслівае навуковец. — Я прыводзіў шмат фактаў, калі ёсць пахаванне перадваеннае і тут жа побач пахаванне перыяду нацысцкай акупацыі. Так было ў Драздах, Благаўшчыне, Масюкоўшчыне.

 

Гільзы ні пра што не кажуць

Крыху раней улады раскапалі пахаванне на тэрыторыі Чонкаўскага лясніцтва каля Гомеля. Акрамя парэшткаў людзей, там знайшлі "часткі вінтовачных патронаў калібру 7,92 міліметра, якія выкарыстоўваліся для стральбы з вінтоўкі "Маўзер" і іншай зброі, якая стаяла на ўзбраенні войскаў Германіі і яе супрацоўнікаў".

Пра тое, дзе менавіта знайшлі боепрыпасы — у расстрэльнай яме або ў лясным масіве, — не паведамляецца. Выданне "Флагшток" заўважыла, што куля, паказаная ў сюжэце дзяржТБ, пакрытая ржой нераўнамерна. Эксперт выказаў меркаванне, што кулю дасталі са старой гільзы і ўсё гэта "сведчыць пра падазроную падборку фактаў".

Генпрокуратура раскопала “расстрельный” могильник. Но кто там лежит?
Кулі знайшлі, але ці маюць яны дачыненне да справы? / АНТ

— Ёсць паняцце "месцы баёў", — кажа гісторык. — Спачатку маглі ісці баі, там могуць быць і савецкія, і нямецкія стрэляныя гільзы. Нават калі гільзы знойдзены, то зусім не значыць, што з гэтай зброі праводзіліся расстрэлы. Па такой тэорыі можна сказаць адносна многіх пахаванняў, маўляў, "ну ўсё, стрэляныя гільзы ад шмайсера, значыць, гэта справа рук немцаў". А побач будуць ляжаць гільзы ад нагана.
 

Навошта міністры на раскопках?

У 2021 годзе ўлады актывізаваліся ў пошуках месцаў масавых пахаванняў: могільнікі "часоў ВАВ" знаходзяць адзін за адным як па ўзмаху чароўнай палачкі. А як ідуць справы з раскопкамі месцаў расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій? Чаму не знаходзяць парэшткі ўдзельнікаў іншых ваенных канфліктаў?

— Тут трэба звярнуць увагу на такі момант: усё гэта пачалося, як толькі было абвешчана пра завядзенне крымінальнай справы аб генацыдзе, — тлумачыць Ігар Кузняцоў. — І пайшлі адразу шукаць, выяўляць, сведак знаходзіць і ўсё астатняе. Не робіцца гэта ўсё ў такія кароткія тэрміны. Гэта ўжо кампанія, якая хутка пачнецца і, як відаць, хутка скончыцца.

І мне, як гісторыку, незразумелы падзел [мае на ўвазе ахвяр савецкіх і нацысцкіх рэпрэсій. — Еўрарадыё]. Дык вы ўсіх шукайце, і там і тут жа нашы грамадзяне.

Генпрокуратура раскопала “расстрельный” могильник. Но кто там лежит?
Апошнім часам беларускія ўлады знаходзяць толькі парэшткі ахвяраў нацызму / архіўнае фота

На могільнік ва Уручча прыехала шмат чыноўнікаў найвышэйшага ўзроўню: пракурор Мінскай вобласці, прэм'ер-міністр, міністр абароны і намеснік генпракурора Беларусі. Адкуль такая цікавасць да раскопак?

— Гэта ўжо не са сферы гісторыі, археалогіі і следчых дзеянняў, гэта пытанне ідэалогіі. Гэтая кампанія носіць ідэалагічны характар, і таму там апынаюцца службовыя асобы, якія як спецыялісты не маюць да гэтага ніякага дачынення. Чаму яны раней не прыязджалі на іншыя месцы пахаванняў? — дзівіцца гісторык. — Я не чуў, каб нават на перапахаванні парэшткаў прысутнічаў міністр абароны, прэм'ер-міністр. Гэта ўсё ў рамках ідэалагічных мерапрыемстваў, якія праводзяцца вакол гэтага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі