Публіка на "Млыне": "Крамбамбуля" вярнулася. Чакаем Міхалка (+слайдшоў)

Цуды здараюцца: "Крамбамбуля" грае вялікі канцэрт недалёка ад Мінска. Шмат хто да апошняга чакае "тэхнічных прычын" і "праблем з электрычнасцю". Аднак усё ідзе па плане. Мы на фэсце "Млын" у Музеі старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій у Дудутках.


"Я нічога не ведаю, — паціскае плячыма Лявон Вольскі на пытанне Еўрарадыё пра чарговую "адлігу" і "чорныя спісы". — Музей выступіў з ініцыятывай, каб "Крамбамбуля" сыграла канцэрт, і гэта атрымліваецца. Больш я нічога не ведаю. Адпаведна, мы нічога не плануем. Сыграем гэты канцэрт, а там будзем глядзець. Мы стаміліся асэнсоўваць, што там адбываецца — пацяпленне, пахаладанне. Не будзем ніяк на гэта рэагаваць. Будзе магчымасць — будзем граць, калі нам падабаецца арганізацыя і. Не будзе — не будзем".


Ужо колькі гадоў знакаміты музей у Дудутках ладзіць святкаванне праваслаўных Трох Спасаў з пачастункамі для гасцей. З нядаўняга часу свята аб'яднана з вялікім канцэртам і мае назву "Млын". Сёлетнім хэдлайнерам "Млына" становіцца "Крамбамбуля", якая не грае ў Беларусі "афіцыйных" кантэртаў амаль тры гады з-за "чорных спісаў" беларускіх музыкаў.


"Пазванілі "Крамбамбулі", запрасілі, яны згадзіліся і ўсё — граюць, — тлумачыць цудоўнае з'яўленне "Крамбамбулі" на фэсце адна з арганізатарак Дар'я Ільініч. — Практыкі ўзгаднення сваіх мерапрыемстваў з уладамі ў нас няма. На фестывалі "Наш Грунвальд" і на "Купаллі" тут выступае шмат і маладых, і "дарослых" гуртоў: нічога падобнага мы не робім. Ніхто не тэлефанаваў, ніхто нічога не пытаў, таму так і атрымалася".


Пакуль у "Крамбамбулі" ідзе саўндчэк, мы вандруем па фэсце. На цэнтральнай плошчы гурт "Яварына" грае народную музыку ды вучыць мінакоў беларускім традыцыйным танцам. Ганчары і кузняцы дэманструюць сваё майстэрства і на вачох чаруюць з глінай і металам. Дзеці ды дарослыя гойсаюць на конных брычках, назіраюць за мясцовымі козамі і страўсамі. У шапіках прадаюць фірмовы самагон і квас, дранікі з каўбаскамі ды бліны з ікрой і мёдам.


Майстар-клас па традыцыйнай беларускай кухні ад гісторыка і спецыяліста па матэрыяльнай культуры беларусаў, аўтара кнігі "Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня" Алеся Белага раскрывае некаторыя сакрэты народнай кухні і побыту беларусаў і прапануе дармавыя грачанікі з сырам і квасам.


"Фэст штогод удасканальваецца, — распавядае Дар'я Ільініч. — Вось у гэтым годзе мы дадалі яшчэ майстар-клас па традыцыйнай беларускай кухні ад Алеся Белага. Пакуль яшчэ цяжка сказаць, што новага прыдумаем у наступным годзе — будзем глядзець па сітуацыі. Трымаць руку на пульсе".


І вось на сцэне вечна малады Лявон Вольскі і заліхвацкая "Крамбамбуля". Праз кепскі гук і дробны дождж падаецца, што вакол — нерэальнасць. Нібыта глядзіш "паюзанае" старое відэа з выступам любімага гурта. Пазней яснее, голас Лявона робіцца грамчэйшым, і са сцэны разам са "Старымі хіпанамі", "Турыстамі" і "Прадай гітару, купі каня" гучыць гучнае "Жыве Беларусь!".

Людзі прыехалі на канцэрт сем'ямі, нават з груднымі дзецьмі. Яны ўзрушаныя ­­— паспелі засумаваць па Лявоне і кампаніі. Спяваюць і адрываюцца напоўніцу. Толькі азіраюцца: а раптам аблава, як з учорашнім фэстам? А раптам гэтыя два міліцыянты ўжо паведамілі кіраўніцтву пра бел-чырвона-белыя сцягі ў Дудутках, і зараз пачнецца?


Канцэрт заканчваецца цяпер ужо "крамбамбулеўскімі" "Паветраным шарам", "Партызанскай" і "Трыма чарапахамі". "Вы — класныя", ­­— развітваецца з публікай задаволены Вольскі.


"Вельмі былі рады бачыць Вольскага, — дзеляцца у вялікай кампаніі, што разыходзіцца па сваіх аўто пасля канцэрта. ­— Чакаем Міхалка".


"На мой погляд, "Крамбамбуля" вельмі вырасла ў прафесійным плане, — прыхільнік гурта Пятро праваджае Еўрарадыё да машыны. — Мне спадабаліся іх імправізацыі, джазавыя варыяцыі, якія яны далучаюць да сваіх хітоў. Заўважна тое, што яны працуюць над рэпертуарам творча, не спыняюцца. Вельмі быў усцешаны, задаволены. На мой погляд, найталенавіцейшыя музыкі цяпер у Беларусі гэта яны, Вольскі і "Крамбамбуля". Ну, Міхалка чакаем маюць рацыю мае сябры".


Хочацца верыць, што канцэрт "Крамбамбулі" быў не "прыветам" з мінулага ці з будучыні, а рэальнасцю. Дарэчы, кажуць, гурт піша новы альбом у Вільні. Аднак Лявон адмаўляецца пра гэта распавядаць. Маўляў, "каб не сурочыць".


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі