Глен Хэнлан: Правал хакейнай зборнай тлумачыцца зменай пакаленняў
Новы галоўны трэнер зборнай збіраецца дасягнуць поспеху за кошт развіцця моладзі. Але і "зорак" паспрабуе не згубіць.
Пагаршэнне вынікаў, што цягам апошніх гадоў паказвае беларуская зборная, новы галоўны трэнер каманды Глен Хэнлан звязвае найперш са зменай пакаленняў і сыходам гульцоў, якія рабілі гульню каманды ў 2000-я. "Цяпер жа ўсё залежыць ад моладзі, якая зараз знаходзіцца ў зборнай. Наколькі яна будзе рабіць поспехі і прагрэсаваць", — кажа спецыяліст.
Але і ад "зорак" Хэнлан не адмаўляецца. Раней ён ужо казаў, што адну з пяцёрак зборнай сфарміруе з беларусаў, якія гуляюць у КХЛ. На думку трэнера, гэтыя гульцы будуць складаць ядро зборнай. "Я ўжо меў размовы з некалькімі хакеістамі, усе яны радыя магчымасці далучыцца да каманды, — адказвае трэнер на пытанне Еўрарадыё. — Гэта найлепшыя гульцы, якія ў нас ёсць, таму яны будуць у зборнай. Ім неабходна спецыяльная ўвага з боку трэнера, адмсыловы падыход. Ім неабходная павага да таго, што яны ўжо зрабілі, чаго дасягнулі. І адпаведная адказнасць".
Што да Міхаіла Грабоўскага, які нядаўна падпісаў кантракт з клубам НХЛ "Вашынгтон Кэпіталз", дык Хэнлан яшчэ не вызначыўся, ці будзе ён лідарам зборнай.
"Я, вядома, хацеў бы, каб Грабоўскі падпісаў кантракт з мінскім "Дынама". Але зразумела, што гулец такога калібру хоча гуляць у НХЛ. Рашэнне, якое ён прыняў, звязанае не з заробкам, а з тым, дзе яму будзе лепш гуляць, дзе ён будзе шчаслівым", — падкрэслівае Хэнлан.