Гнамафобія і разбіты нос: хто стаіць за судамі над БЧБ-актывістамі ў Гродне
Вольга Бондарава
За некалькімі гучнымі судамі, якія прайшлі над актывістамі грамадзянскай супольнасці ў Гродне, стаіць адна і тая ж жанчына. Вольга Бондарава ходзіць па горадзе і здымае на смартфон БЧБ-сімволіку, а калі атрымліваецца — і людзей, якія яе вывешваюць. А потым скардзіцца ў міліцыю.
ДзяржСМІ называюць Бондараву лідарам "Інфаспецназа Гродна". Таксама яе прадстаўляюць як удзельніцу руху "Антывандал" і адну з арганізатараў праўладных аўтапрабегаў. Менавіта пасля яе заяў гарадзенец, які павязваў на агароджу БЧБ-стужкі, атрымаў паўтара года калоніі. Пасля яе ж "ананімнага" званка судзілі мужчыну, які выставіў у акне фігурку гноміка з бел-чырвона-белым сцяжком у руках.
"Я па тэлефоне інтэрв'ю не даю. Толькі пры асабістай сустрэчы", — адказала Вольга на просьбу карэспандэнта Еўрарадыё растлумачыць сваю пазіцыю. Мы сабралі інфармацыю пра яе з адкрытых крыніц.
"Паплацілася за грамадзянскую пазіцыю"
"Мы вельмі любім нашу краіну, выступаем за мір, за аб'яднанне ўсіх нас і за агульны дыялог", — кажа Бондарава на адным з "ябацькінгаў". Дыялог атрымліваецца так сабе: людзей з іншым пунктам гледжання Вольга рэгулярна палівае брудам. Канфлікты з ёй перарастаюць у суды.
У лістападзе 2020-га ў час прагулкі з дзіцем гарадзенец Вадзім Плаўскі павесіў некалькі белых стужак на агароджу. Вользе Бондаравай гэта не спадабалася. Яна пачала здымаць мужчыну з дачкой на камеру, адначасна выказваючыся ў яго адрас. Плаўскі раззлаваўся і палез біцца. Ён зламаў Бондаравай нос. Суд прысудзіў мужчыну да аднаго з паловай года калоніі.
"...Паплацілася Вольга, па сутнасці, за сваю грамадзянскую пазіцыю і рашучасць, з якой адважылася выказацца. Чакана адрэагавалі на тое, што адбылося, у абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, палічыўшы сваім абавязкам абараніць дзяўчыну і падтрымаць у псіхалагічна няпросты момант", — так пра тое, што здарылася, пісала "Гродзенская праўда".
"Гнамафобная" справа
У студзені 2021 года гарадзенскі выкладчык Юрый Яраш паставіў на падаконнік гноміка, у руках у якога быў бел-чырвона-белы сцяжок. Бондарава, якая праходзіла міма з сяброўкай, заўважыла цацачную фігурку. Жанчына сфатаграфавала гнома і выклікала міліцыю. Праз колькі часу пад маркай "ананімнага званка наконт гноміка са сцягам на падаконніку" да Юрыя прыйшлі сілавікі.
Разбор доўжыўся амаль тры месяцы. 9 красавіка справа аб гноме-пікетоўцу была спыненая.
Звольнены вартаўнік
Вольга Бондарава разам з паплечнікамі выходзіць на прагулкі для таго, каб ачысціць вуліцы ад (цытата) "БЧБ-ануч". На адной з такіх прагулак, у час якой "неабыякавыя грамадзяне" здымалі з дрэва белыя і чырвоныя стужкі, ім зрабіў заўвагу вартаўнік дзіцячага сада.
Бондарава, як звычайна, зняла ўсё на смартфон. Праз колькі часу мужчыну звольнілі з працы. "Я ўскрыла гэты гнайнік, я буду ўскрываць гэтыя гнайнікі далей, — каментуе сваю барацьбу Бондарава. — БЧБізм тут не пройдзе ў Беларусі. Каму што не падабаецца — чамадан — вакзал — Кіеў, або чамадан — вакзал — Варшава. Куды хочаце, у любую нацысцкую краіну".
У "Інфаспецназ" — пасля кантрабанды цыгарэт
Таксама актыўная жанчына займаецца зафарбоўваннем "незарэгістраванай сімволікі". У час чарговай такой акцыі да Бондаравай і яе напарніка па зафарбоўванні Аляксандра Галахава падышоў мясцовы жыхар Васіль Пілец. Гэтым разам нос Вольгі не пацярпеў: калі верыць міліцыі, мужчына штурхнуў абодвух актывістаў і схапіў іх за вопратку. Пільца затрымалі. Пазней суд пакараў яго годам "хатняй хіміі".
У час працэсу над Пільцом выявілася адна цікавая дэталь: у Польшчы Бондарава прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за кантрабанду цыгарэт. Гэта на судзе Вольга пацвердзіла асабіста.
"Крыміналка" для Пушкіна
У Вольгі ёсць свой канал на ютубе. Па стане на 12 красавіка ў ім крыху больш за 100 падпісчыкаў.
22 сакавіка Вольга Бондарава зазірнула на выставу карцін у гродзенскі "Цэнтр гарадскога жыцця". Адной з выстаўленых там карцін быў партрэт удзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара работы Алеся Пушкіна.
Выставу Вольга назвала "рассаднікам нацызму". Свой візіт яна здымала на смартфон — крыху пазней відэа апынулася ў яе на ютуб-канале. 26 сакавіка Генпракуратура пачала крымінальную справу ў дачыненні да аўтара карціны — за "рэабілітацыю і апраўданне нацызму".
Сувязі з прарасійскімі актывістамі
Вольга мае зносіны з блогерам-прапагандыстам Дзмітрыем Беляковым, ініцыятарам стварэння прарасійскай партыі "Адзіная айчына". 24 сакавіка яны паралельна пікетавалі прадстаўніцтвы Польшчы і Літвы ў Беларусі: Бондарава стаяла ў першых шэрагах ля генконсульства Польшчы ў Гродне, а Белякоў мітынгаваў каля амбасады Літвы ў Мінску.
Яшчэ адна дэталь: у апісанні пад адным з відэа, знятых Вольгай, пазначаны рэквізіты для данатаў. Сродкі просяць накіроўваць на рахунак ІІУ "ЦВПІ ЕАЭС". Поўная назва гэтай невялікай арганізацыі — Цэнтр вывучэння перспектыў інтэграцыі. А яе галоўная мэта — "забяспечыць прафесійнае аналітычнае суправаджэнне інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі".
Адказваць за словы
"За вашы словы вам давядзецца адказваць", — кажа ў адным са сваіх відэа Вольга Бондарава. Што жанчына думае пра тое, каб адказваць за свае словы? Па словах Вольгі, у яе ёсць інваліднасць.
Тым не менш яна з'едліва выказваецца пра ЛГБТ, таксама адну з уразлівых сацыяльных груп. Затрыманага хлопца, які прызнаўся на камеру ў тым, што ён гей, Вольга называе "педэрастычным чмошнікам".
У відэа менш за 200 праглядаў.
Вось такая яна — заўзятая прыхільніца Аляксандра Лукашэнкі ў Гродне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.