Гомельскім праваабаронцам абвесцяць прысуд у сераду
У сераду, 3 лістапада, суд Цэнтральнага раёна Гомеля абвесціць прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяне Ласіцы, паведамляюць іх калегі.
Прысуд абвесцяць у 10.00, у судзе могуць прысутнічаць усе ахвотныя пры наяўнасці маскі і пашпарта.
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца знаходзяцца пад вартай з 18 і 21 студзеня адпаведна. Працэс над імі ідзе з 3 верасня. Праваабаронцаў вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).
Пракурор запрасіў для Судаленкі і Ласіцы па тры гады пазбаўлення волі.
Разам з імі па справе праходзіла таксама валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка, але перад абвяшчэннем прысуду жанчына з'ехала з Беларусі — ёй пагражала 2,5 года калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.