Горшы вынік у гісторыі: Беларусь заняла 27-е месца на Паралімпіядзе ў Токіа
Сімвал Паралімпійскіх гульняў у Токіа / Sportbox.ru
У медальным заліку такійскай Паралімпіяды зборная Беларусі заняла 27-е месца — гэта горшы вынік за ўсю гісторыю ўдзелу краіны ў Гульнях.
Нацыянальная зборная выйграла ўсяго сем медалёў.
Пяць залатых медалёў атрымаў плывец Ігар Бокій, адно срэбра заваяваў плывец Ягор Шчалканаў і адзін бронзавы медаль — у кідальніцы дзіды Лізаветы Пятрэнка.
Першынство ў медальным заліку належыць Кітаю (95-60-51), другое месца ў Вялікабрытаніі (41-38-44), зборная ЗША заняла трэцюю пазіцыю (36-36-31).
Дзве суседнія з намі краіны прадэманстравалі лепшы вынік, чым Беларусь. На 6-м месцы ў заліку знаходзіцца Украіна (24-47-27), на 17-м месцы — Польшча (7-6-12).
Нагадаем, на Паралімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанейра беларусы атрымалі 10 узнагарод — восем залатых медалёў і дзве бронзавыя. Тады нацыянальная зборная заняла 19-е месца ў медальным заліку.
Для беларусаў выступ у Токіа стаў сёмым за ўсю гісторыю паралімпійскіх Гульняў. З часу Атланты-1996 нашы спартсмены заваявалі 98 медалёў (36-32-30).
У нядзелю, 5 верасня, будуць разыграны апошнія тры камплекты ўзнагарод у бадмінтоне і па адным — у баскетболе і стральбе. У гэты ж дзень адбудзецца цырымонія закрыцця Паралімпійскі гульняў у Токіо.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.