Грамадскія актывісты патрабуюць караць за адмаўленне сталінскіх рэпрэсіяў

Грамадскія актывісты патрабуюць караць за адмаўленне сталінскіх рэпрэсіяў

У Мінску прайшоў форум "Бальшавіцкі тэрор. Права на ўстанаўленне ісціны", у якім прынялі ўдзел шэраг прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў і партыяў. 

У выніковай рэзалюцыі форуму яго ўдзельнікі запатрабавалі зняць грыфы сакрэтнасці з усіх дакументаў за 1917-1953 гады, якія знаходзяцца ў Беларусі на захоўванні, перадаць у адкрытыя архівы усе справы на рэпрэсаваных з 1920-1970 гадоў. Да ўсіх дакументаў, старэйшых за 75 гадоў, патрабуецца забяспечыць вольны доступ (яны не трапляюць пад абмежаванне як таямніца асабістага жыцця), перадае прэс-служба руху "За свабоду".

Удзельнікі форуму лічаць, што дзяржава абавязаная знайсці, назваць і абазначыць месцы ўсіх масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных, а таксама рэабілітаваць ахвяраў рэпрэсій.

Напрыканцы дакумента прапаноўваецца ўвесці адміністрацыйнае або крымінальнае пакаранне за "адмаўленне сталінскіх рэпрэсіяў, іх апраўданне і прапаганду сталінізму". 

Старшыня руху "За свабоду" Юрый Губарэвіч прапанаваў увесці абавязковыя гадзіны па вывучэнні перыяду рэпрэсій у школьнай праграме па гісторыі. Таксама ён прапанаваў увесці адпаведны спецкурс пры навучанні супрацоўнікаў КДБ, МУС і вайскоўцаў. "Хваля рэпрэсіяў закранула не адно пакаленне супрацоўнікаў НКУС. Яны павінны зразумець, што, калі яны сёння згодныя на выкананне злачынных загадаў, то рана ці позна прыйдуць па іх саміх. Павінна быць такая прышчэпка", — мяркуе палітык.

Рэзалюцыю форуму плануецца перадаць у дзяржаўныя органы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі