Гурт Nоkturnal Mortum адмовіўся выступаць на "Купальскім коле"

Гурт Nоkturnal Mortum адмовіўся выступаць на "Купальскім коле"

Украінскія блэк-металісты Nоkturnal Mortum, супраць выступу якіх у Беларусі апалчыліся вернікі з грамадскіх і апазіцыйных шэрагаў, не прыедуць на фестываль "Купальскае кола". Па словах арганізатара фэсту Алеся Таболіча, каманда, якую абвінавачваюць у нацызме і любові да Гітлера, вырашыла перастрахавацца.

"Гурт і так коса глядзеў на Беларусь, бо калі ў другой палове 2000-х яны сюды прыязджалі, за імі бегалі нейкія людзі ў масках і пракалолі ім колы ў аўтамабілі, — тлумачыць адмову гурта Алесь Таболіч. — А цяпер, пасля шоргату, які навяла наша у двукоссі апазіцыя ў асобах Кіма і Севярынца, яны ўвогуле хвалююцца за сваё жыццё. Бо на фоне ўкраінскага патрыятызму і таго, што яны цяпер робяць музыку патрыятычнага характару, яны мяркуюць, што гэта правакацыя мае не беларускія, а расійскія карані. Яны ведаюць, што ў свой час развярнулі на мяжы гурт "Фіолет", і баяцца, што з імі здарыцца тое самае".

Nоkturnal Mortum — адзін з самых вядомых блэк-метал-гуртоў з дваццацігадовай гісторыяй на постсавецкай прасторы. У апошнія гады каманда, за якой былі заўважаныя неадназначныя тэксты, змяніла светапогляд, лагатып і павярнулася да каранёў, таму, уласна, і была запрошаная на "Купальскае кола". Больш за тое, гурт карыстаецца вялікай папулярнасцю ва Украіне, каверы на яго песні робіць нават сам Алег Скрыпка з "Воплямі Відаплясова". Дарэчы, на днях сваю версію трэка Nоkturnal Mortum прэзентавала і легенда беларускага металу Gods Tower


"Nokturnal Mortum такія ж нацысты, як мы баптысты, — каментуе сітуацыю сайту Tuzin.fm Лэслі Найф. — Яны ўкраінскія нацыяналісты. Зрэшты, і мы падтрымліваем беларускіх нацдэмаў. Не вярзіце лухты наконт іх антысемітызму, у нас адны і тыя ж сябры-габрэі. І не трэба блытаць ажыятажнае амплуа іх вакаліста Гапона з рэчаіснасцю".

 

Месца Nоkturnal Mortum, як хэдлайнераў "Купальскага кола", не зойме ніхто.


"У другі дзень у нас выступаюць "Стары Ольса" і "Зніч", і мяняць Nоkturnal Mortum на кагосьці іншага — гэта зноў ісці па гастрольку, а з гэтымі падзеямі не факт, што нам дадуць новую. Мы вырашылі, што нічога змяняць не будзем, павышаць кошты перад фэстам таксама не будзем. Але сам па сабе фестываль будзе насычаным, падобным да мінулагодняга", — рэзюмуе Таболіч.


Фестываль "Купальскае кола" пройдзе 25-26 чэрвеня ў "Камарова" пад Мінскам.

 

Гурт Nоkturnal Mortum адмовіўся выступаць на "Купальскім коле"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі