Гурты “Палац” і “Parason” трапілі ў адборачны тур “Еўрафэсту”

Відаць, што скандальна вядомы паход беларускіх рок-музыкаў да кіраўніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага не прайшоў дарма.
Стала вядома, што гурты “Parason” і “Палац”, якіх вылучыла на конкурс наша радыё, трапілі ў адборачны тур на “Еўрафэсце”. Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка распавёў нам, што з ім ужо нават звязваліся і запрасілі на закрытае праслухоўванне:

Алег Хаменка: “У пятніцу павінна адбыцца першая сустрэча арганізацыйнага кшталту з тымі людзьмі, якія падавалі заявы на Еўрафэст”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца: што гэта за такое праслухоўванне, на якое запрасілі Алега Хаменку? Анастасія Ціхановіч прызналася нам, што менавіта там і будуць вызначацца тыя 15 прэтэндэнтаў, імёны якіх назавуць 11 снежня:

“Гэта закрытае праслухоўванне, на якім вызначыцца 15 паўфіналістаў праекта”.

Дарэчы, далёка не ўсе трапілі на гэтае праслухоўванне. Анастасія Ціхановіч распавяла, што ёсць і тыя, хто і на гэтым этапе ўжо застаўся “за бортам”.

Анастасія Ціхановіч: “Прымаюцца дэма-версіі і нармальныя арыгінальныя версіі больш-менш прафесійна зробленых песень, якія, калі праслухаеш, можна зразумець, што гэта за чалавек, што за песня і гэтак далей.

Бо былі песні, якія цалкам не падпадаюць пад фармат Еўрабачання, напрыклад шансон. Ці вось некаторыя даслалі заяўку, дзе яны спяваюць не свае песні, напрыклад, адны дзяўчынкі перапелі песню Ірыны Дарафеевай – гэта не туды.

Бо гэта не вакальны конкурс. Гэта конкурс песні, конкурс артыста, конкурс шоу, нарэшце. То бок павінна быць свая песня. Гэта першая ўмова”.

Нагадаем, што прыём заявак на ўдзел у Еўрабачанні скончыўся, аднак пакуль дакладная колькасць удзельнікаў яшчэ не вядомая.

Анастасія Ціхановіч:
“На гэты момант, пададзена ўжо 116 заяў. 11 снежня адбудзецца афіцыйная прэс-канферэнцыя, на якой будуць агучаны дакладныя лічбы, паколькі заявы яшчэ і зараз прыходзяць, калі людзі дасылалі заявы поштай і на штампе стаіць дата не пазнейшая за 27-га – заява дзейная”.

Па словах Анастасіі Ціхановіч, больш за ўсё тэкстаў на англійскай і на рускай мовах. Але ёсць беларускія і нават французскамоўныя песні.

Сярод больш–менш вядомых беларускіх спевакоў заявы дакладна падалі Іван Бушлай, Віктар Пшанічны, Дзмітры Смольскі, Руслан Аляхно. Таксама паспрабуюць трапіць на Еўрабачанне і некаторыя паўфіналісты і фіналісты Еўрафэсту мінулага года: “The projeкt”, гурт “Сваякі”, спявачка Лена.

Нагадаем, што 21 снежня у жывым эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала абяруць з 15 прэтэндэнтаў трох чалавек. Дваіх абярэ журы, а трэцяга — тэлегледачы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі