ГУУС палохае нязгодных з УНС: "Нам законам дадзена права ўжываць сілу і зброю"

У Мінску праходзіць Усебеларускі народны сход​ / TUT.BY
У Мінску праходзіць Усебеларускі народны сход​ / TUT.BY

У міліцыі ёсць "права ўжываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю", нагадаў начальнік упраўлення прафілактыкі і аховы правапарадку ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня ў эфіры СТБ. Размова ішла аб гатоўнасці міліцыі забяспечыць парадак падчас правядзення ў Мінску Ўсебеларускага народнага сходу.

"Міліцыя будзе дзейнічаць у адпаведнасці з Законам Аб органах унутраных спраў. Нам законам дадзена права ўжываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю ў мэтах, якія прадугледжаны гэтым законам", — сказаў Купчэня.

Ён таксама нагадаў аб адказнасці, якая прадугледжана за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

"Будзем дзейнічаць у залежнасці ад абстаноўкі, з прымяненнем у тым ліку, пры неабходнасці, у адпаведнасці з заканадаўствам, спецыяльных сродкаў", — папярэдзіў прадстаўнік ГУУС.

Купчэня распавёў, што міліцыю з нагоды УНС перавялі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Усе месцы, дзе могуць бываць дэлегаты, а таксама ўсе маршруты ўзятыя пад кругласутачную ахову. Акрамя таго, у Мінску створаны аператыўна-сітуацыйны штаб.

Раней афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава папярэджвала, што падчас правядзення Усебеларускага народнага сходу 11 і 12 лютага рух на гарадскіх вуліцах можа быць абмежаваны.

Плануецца, што ва Усебеларускім народным сходзе Аляксандра Лукашэнкі возьмуць удзел 2 700 чалавек. Улада пазіцыянуе мерапрыемстве як форум "абраных прадстаўнікоў народа", якія прадстаўляюць самыя розныя слаі насельніцтва. Аднак трапіць на сход не адобраным вертыкаллю дэлегатам было немагчыма. Паводле слоў Лукашэнкі, на гэтай пляцоўцы будуць абмяркоўвацца магчымыя шляхі развіцця краіны.

Пры гэтым у ЗША, да прыкладу, лічаць, што УНС не можа прэтэндаваць на легітымнасць, паколькі там не дадуць слова апанентам улады. Святлана Ціханоўская напярэдадні УНС звярнулася да беларусаў. Яна таксама адзначыла, што Лукашэнку не пад сілам выйсці на вуліцу да людзей, і што ён гатовы мець зносіны толькі з адабранымі чыноўнікамі і ідэолагамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі