Футбалістаў "Нёмана" папярэдзілі за іх выказванні
Павел Савіцкі каментуе ў эфіры дзяржтэлеканала
Футбалістаў гродзенскага "Нёмана" папярэдзілі за іх выказванні. Ягор Зубовіч, Алег Еўдакімаў, Міхаіл Казлоў і Павел Савіцкі далі ацэнку спрэчным эпізодам у прайграным матчы ў чэмпіянаце Беларусі з мінскім "Дынама" (1:2). Такое рашэнне прыняў Камітэт кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях Беларускай федэрацыі футбола.
Матч быў важны, у ім сустракаліся каманды, якія змагаюцца за медалі. Гульцы "Нёмана" не згодныя з шэрагам рашэнняў, якія прымаў арбітр.
"Матч двух годных супернікаў, — гаварыў Зубовіч. — Проста не трэба каляфутбольным сілам псаваць тое, што мы спрабуем пабудаваць на полі. Усё ж такі стараемся зрабіць усё разам футбольнае свята і шоу, але некаторыя людзі гэта псуюць. Шчыра, клаўнада, проста несурʼёзна... Усе ўсё выдатна бачылі. Не сказаць, што мы былі на галаву мацней, але больш дамінавалі. Нават у меншасці загналі суперніка на іх палову...".
"Так, быў афсайд і фол, але не для такіх матчаў гэтыя фалы свістаць, — каментаваў паядынак Еўдакімаў. — Я б зразумеў у зусім іншым [матчы], але гэта не стоадстодкавая кропка. Нават 50/50 ні адзін суддзя не паставіў бы. А тут упэўнена, нават без сумненняў сумлення, чалавек паказвае на кропку адразу ж пасля дотыку".
"Усе ўсё выдатна бачылі. Пенальці "топавы" паставіў [арбітр]. Афсайд, другі гол, таксама выдатна бачылі... Добра спрацавала гэтая брыгада арбітраў. Лічу, увогуле "класна", — гаварыў Савіцкі ў эфіры дзяржтэлеканала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.