Халоднае лета 2017: Прадаўцы кандыцыянераў у мінусе, а гумовых ботаў ― у плюсе

Халоднае лета 2017: Прадаўцы кандыцыянераў у мінусе, а гумовых ботаў ― у плюсе

“Додж з дажджом і невялікі дождж у дажджы”, ― так жартуюць з сёлетняга летняга надвор’я ў сацсетках. А да дажджу яшчэ і невысокая тэмпература на вуліцы: то +16, то +20. Але нехта выйграе ад такога лета.

Прадаўцы гумовых ботаў атрымалі на 20% больш кліентаў, чым мелі летась. Пра гэта Еўрарадыё паведамляюць у краме specovka.by. Не хочуць нашы людзі мокнуць проста так.

Нечакана, у плюсе сёлета турфірмы. Нягледзячы на не вельмі высокія даходы па краіне, людзі прамянялі агароды на мора.

“Тыя, хто летась быў на лецішчы, кажуць, што ўжо больш не могуць, і едуць адпачываць. Але шукаюць больш сціплыя варыянты, патанней”, ― апісваюць у “Алатан туры”. У гэтым годзе ў ніх больш кліентаў, але рост нязначны: +5%, не болей.

У даждлівае надвор’е спатрэбіліся таксама… парасоны.

“Людзей у нас стала болей, але сярэдні чэк таксама зменшыўся. Раней лююзі набывалі больш дарагія парасоны, з дарагой тканіны, а цяпер шукаюць варыянты патанней”, ― гавораць у інтэрнэт-краме парасонаў.

Хоць на вуліцы і не спяконта, нічога не змянілася для гандляроў марозівам: як набывалі летась, так і набываюць. Пра што сведчаць дадзеныя упраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

У офісах не спяконта, таму кандыцыянеры не актуальныя.

“Стала менш кліентаў на 40%, дзесьці. Бо гэта такая нетэрміновая пакупка, таму многія адкладаюць яе па-просту”, ― скардзяцца на фірме, якая займаецца продажам і устаноўкай кандыцыянераў.

З такім навдор’ем ― не да аквапарка. У сталічны Dreamland ходзяць пакуль мала, але тут спадзяюцца, што хутка пацяплее.

“Надвор’е цяпер не для аквапаркаў, вядома. Пакуль зарана нейкія высновы рабіць, але ж абяцаюць, што лета яшчэ прыйдзе”.

Нават у кавярні на летнія тэрасы прыходзіць менш наведвальнікаў, баяцца, што прамокнуць пад дажджом. У некаторых кавярнях у самым цэнтры Мінска, па падліках бармэнаў, кліентаў стала ажно на 40% менш, чым было мінулым летам.

А на рэшту ліпеня сіноптыкі прагназуюць пацяпленне. Так што сонечныя акуляры яшчэ могуць пабіць па продажах гумовыя боты і парасоны.

“Па нашым прагнозе на ліпень, ён мусіць быць крыху цяплейшым, чым чэрвень. Другая і трэццяя дэкада прагназуюцца спякотнымі. Гэта не значыць, што дваццаць дзён ліпеня будуць усе спякотнымі. Магчымыя дні, калі будзе дождж і прахалодна”, ― кажа начальнік аддзела кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я Гідрамета Аляксандр Бяганскі.

Таксама сіноптык прыгадвае, што ў 2012 годзе, напрыклад, надвор’е было такое ж прахалоднае, як сёлета. Агулам, тэндэнцый да халадоў ці спякоты ў нашай краіне няма. І нават сёлетні чэрвень быў у межах кліматычнай нормы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі