Hammer і Nokia3310 — Святлана Ціханоўская ў дзень нараджэння пра тое, што любіць

Святлана Ціханоўская 

Святлана Ціханоўская  / @tsikhanouskaya

Лідар беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская 11 верасня адзначае Дзень нараджэння. Ёй спаўняецца 42 гады. У 2020 годзе яна замяніла мужа Сяргея Ціханоўскага ў выбарчай гонцы і атрымала вялікую падтрымку выбаршчыкаў. У дэмакратычных краінах вынікі тых выбараў прэзідэнта Беларусі так і не прызналі. Ціханоўская за гэтыя гады правяла дзясяткі сустрэч з высокапастаўленымі заходнімі чыноўнікамі. На гэтых сустрэчах яна казала пра сітуацыю ў Беларусі, неабходнасць дамагацца вызвалення палітвязняў, а таксама праблемы беларусаў, якія вымушаныя былі з'ехаць з краіны.

З нагоды дня нараджэння "Белсат" папрасіў Святлану Ціханоўскую адказаць на пытанні анкеты, добра вядомай кожнаму школьніку. Ціханоўская распавяла, што яе лепшы сябар — гэта муж Сяргей, любімы горад — вёска Сінкевічы, дзе яна правяла дзяцінства, любімая страва — бабулін суп і (відавочна, як прывітанне беларускай прапагандзе) катлеты. Любімы акцёр — Кевін Спэйсі, а гістарычны персанаж — Кастусь Каліноўскі. Яна заўзее не за спартыўныя клубы, а за Беларусь і любіць беларускую музыку. З кніг раіць пачытаць "Зэкамерон" Максіма Знака.

На пытанне пра любімую марку аўто Ціханоўская адказала Hummer. "Гэта можа быць адсылкай да старога мему: не раз жартавалі, што пераможца трыумфальна заязджае кудысьці ўжо не на белым кані, а на белым "Хамеры" або на белым танку Abrams. Тым больш, у 2021 годзе лукашэнкаўская прапаганда распавядала, што праціўнікі Лукашэнкі рыхтавалі напад з Літвы на "150 джыпах з буйнакалібернымі кулямётамі", палічылі аўтары эксперыменту з анкетай. Улюбёнай мадэллю тэлефона імянінніца назвала Nokia 3310. А на пытанне, якая згушчонка лепшая — глыбоцкая або рагачоўская — адказваць адмовілася. Патлумачыла тым, што "а раптам паб'яцеся".

Hammer и Nokia3310 — Светлана Тихановская в день рождения о своих предпочтениях
Анкета Святланы Ціханоўскай / belsat.eu

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі