Хто такі Аляксандр Зімніцкі, чарговы затрыманы па “справе баевікоў”

Хто такі Аляксандр Зімніцкі, чарговы затрыманы па “справе баевікоў”

Аляксандр Зімніцкі стаў 27-м затрыманым па так званай “справе баевікоў”. 28 сакавіка родныя згубілі з ім сувязь. Пазней стала вядома, што ён затрыманы, абвінавачанні яму не выстаўленыя.

Гісторык, супрацоўнік музея

Аляксандр Зімніцкі – выпускнік гістфака БДУ, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея. На працы вельмі здзівіліся, калі пачулі такую навіну ад Еўрарадыё:

“Ён яшчэ ўчора быў на працы, нас ніхто пра гэта не інфармаваў”.

Чарговы фігурант справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” родам з Докшыцкага раёна, вёскі Гліннае. Па словах маці, Аляксандр з дзяцінства цікавіўся гісторыяй і кнігамі. Таму і паступіў на гістарычны факультэт.

Стараста групы

Аляксандр Зімніцкі вучыўся на беларускамоўнай плыні гістарычнага факультэта, быў старастам групы. Браў удзел ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах, выступаў на канцэртах, добра вучыўся. Пасля вучобы атрымаў размеркаванне ў Нацыянальны гістарычны музей.

Аспірант Інстытута вышэйшай школы

Паралельна Аляксандр вучыцца ў аспірантуры Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

“У яго здольнасці да навуковай працы. З гэтага пункту гледжання ён нас цалкам задавальняў. Ён выконваў індывідуальны план, меў добрыя водгукі ад свайго навуковага кіраўніка. Яго навуковая тэма ― пачатак дзяржаўнасці, дружынны тып кіравання старажытных князёў”, ― апісваюць Аляксандра Зімніцкага на кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

Застаецца незразумелым, як 25-гадовы гісторык можа быць звязаны з “Белым легіёнам”, бо гэтая арганізацыя прыпыніла сваё існаванне ў час калі ён яшчэ вучыўся ў малодшай школе. Пры ператрусе ў Аляксандра быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі