Інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы для беларусаў адкрыюць у Літве
Габрыэлюс Ландсбергіс і Ален Берсэ
Інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы для беларусаў адкрыюць у Вільні. Адпаведнае пагадненне 13 лістапада было падпісанае паміж гэтай Саветам Еўропы і ўрадам Літвы.
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, які падпісаў гэты дакумент, пракаментаваў: "Спадзяюся, што гэты цэнтр адыграе ключавую ролю ў павышэнні дасведчанасці і ўмацаванні патэнцыялу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона для пабудовы ў будучыні дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі".
У дакуменце былі ўлічаныя дамоўленасці паміж кантактнай групай Савета Еўропы і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
Генсакратар Савета Еўропы Ален Берсэ назваў гэтае пагадненне важным унёскам у падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. "Інфармацыйны цэнтр будзе не толькі прадастаўляць інфармацыю пра Савет Еўропы і яго працу. Гэта знак надзеі для ўсіх тых, хто імкнецца да дэмакратычных каштоўнасцяў", — падкрэсліў ён.
Цэнтр будзе даваць беларусам інфармацыю аб працы, каштоўнасцях і прынцыпах Савета Еўропы, а таксама падтрымліваць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Літве ў адпаведнасці з планам дзеянняў, ухваленым кантактнай групай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.