Інвестары падалі ў суд на Ілана Маска

Інвестары падалі ў суд на Ілана Маска

Некалькі інвестараў падалі ў суд на Ілана Маска пасля яго сенсацыйнай заявы наконт планаў скупіць акцыі Tesla і ператварыць яе ў прыватную кампанію. Заява прывяла да рэзкага росту коштаў на акцыі —  праз некалькі гадзінаў пасля заявы яны падаражэлі на 11% і гандляваліся амаль па 380 долараў за штуку.

Інвестары, якія гуляюць на біржы на паніжэнне, панеслі вялікія страты —  гаворка ідзе пра мільёны долараў. Цяпер яны абвінавачваюць Маска ва ўвядзенні ў зман.

Пазовы пададзеныя ў федэральны суд Сан-Францыска. Інвестары мяркуюць, што знакаміты бізнэсмен хацеў пазбавіцца ад “мядзведзяў” —  інвестараў, якія гуляюць на біржы на паніжэнне. Апроч таго мяркуецца, што Ілан Маск парушыў федэральныя законы ЗША і дамогся штучнага росту коштаў на акцыі Tesla.

Маск вядомы дзіўнымі жартамі і эксцэнтрычнымі выхадкамі, таму не ўсе ўспрынялі ўсур’ёз яго намер выкупіць акцыі па 420 долараў за штуку, бо не выключана, што кампанія не мае такіх сродкаў. Згодна з заканадаўствам ЗША, акцыянерам трэба падаваць толькі праўдзівую інфармацыю, якая тычыцца дзейнасці кампаніі. Ілан Маск можа сутыкнуцца з праблемамі, калі будуць знойдзеныя доказы, што яго заява мела на мэце ўзняць кошты на акцыі Tesla, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі