Іпэшнікаў штрафуюць за тое, што не робяць экспертызу, якая не патрэбная?
Сяргей Сумараў прывозіць у краіну дзіцячы абутак расійскага вытворцы з усімі патрэбнымі сертыфікатамі. Але наш Дзяржстандарт знаходзіць у абутку хібы: не адпавядае тэхрэгламенту, бо тэкстыльная падшыўка і вусцілка перавышаюць дапушчальны адсотак утрымання хімічных валокнаў (больш за 20%). І штрафуе прадпрымальніка на 42 мільёны рублёў.
Сумараў з пакараннем не згодны, маўляў, ён мае сертыфікаты акрэдытаванай расійскай лабараторыі. Таму у галаву не прыйшло праводзіць дадатковую беларускую экспертызу тавару.
"А на справе расійскі сертыфікат — гэта простая папера, якая не мае ніякай сілы. Фількіна грамата, — скардзіцца прадпрымальнік. — Ёсць Саюзная дамова, дзе прапісана, што дакументы, прынятыя ў яе межах, маюць юрыдычную сілу на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза. Без усялякіх дадатковых даследаванняў і экспертыз. Я мушу ім верыць”.
Вытворца абутку, расійская кампанія "Юта", сітуацыю ведае. Дырэктар Алена кажа, што праца з Сяргеем — першы досвед стасункаў з беларусамі. І падобны інцыдэнт, калі ёсць прэтэнзіі да якасці прадукцыі, таксама нібыта ўпершыню:
"Высвятляем, чаму такое адбылося. Гэта была адзіная партыя няякасная. Там у падкладачнай тканіне было крыху больш сінтэтыкі, чым мусіла быць. Цяпер маем прэтэнзіі да пастаўшчыкоў тканіны, якая мусіла утрымліваць больш бавоўны і воўны".
І нават згодныя кампенсаваць іпэшніку частку штрафу.
Сяргей жа піша лісты ў Дзяржстандарт, Савет Міністраў, Еўразійскую эканамічную камісію, чакае перагляду справы (падаў апеляцыю) і аддае на беларускую сертыфікацыю той тавар, які адпавядае тэхрэгламенту.
"У мяне анулявалі сертыфікат на ўвесь тавар, у тым ліку і той, які адпавядае патрабаванням Мытнага саюза. Па сутнасці, яны мусілі зрабіць наадварот: выключыць з сертыфіката той тавар, які не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту. Цяпер я вымушаны рабіць нанова беларускі сертыфікат і ўсе даследаванні", — тлумачыць бізнесмен.
Згодна з пастановай №666, індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць на рынках ці ў гандлёвых цэнтрах, атрымліваць санітарна-гігіенічную экспертызу не трэба. Гэтым пунктам і кіруюцца іпэшнікі:
"Калі вытворца вопраткі — Турцыя, і прадпрымальнік мае сертыфікат Мытнага Саюза, тады трэба рабіць экспертызу ў нас. Калі вытворчасць Расіі, пакуль экспертызы не былі патрэбныя", — заяўляе Еўрарадыё прадавец адной з дзіцячых крамаў.
Ці санітарна-гігіенічная экспертыза дзіцячага абутаку і вопраткі, якія вырабляюць і прывозяць з Расіі, усё ж патрэбная? Еўрарадыё спрабуе даведацца пра гэта ў Цэнтры выпрабаванняў і сертыфікацыі ТААТ:
"Калі дзіцячы абутак, мусіць быць сертыфікат Мытнага Саюза. Калі вы возіце гэты абутак, гэтага вытворцы, калі сертыфікат гэты ёсць у рэестры, усё правільна аформлена, то больш нічога не трэба. Але заключэнне санітарна-гігіенічнай экспертызы мусіць быць абавязкова. Хаця... калі гэта расійскі абутак, то, здаецца, яно не патрэбнае. Патэлефануйце лепш у Цэнтр гігіены і эпідэміалогіі. Гэта іх дакумент".
Са спецыялістам Цэнтра гігіены у Еўрарадыё атрымліваецца цікавая размова:
"На расійскі дзіцячы абутак патрэбнае санітарна-гігіенічнае заключэнне. За падрабязнасцямі тэлефануйце ў… орган сертыфікацыі".
Не дзіва, што індывідуальныя прадпрымальнікі проста блытаюцца ў гэтых пастановах і ўказах.