Іран прызнаў пастаўкі беспілотнікаў у Расію, але ёсць нюанс

Іранскія дроны Shakhed-136
Іранскія дроны Shakhed-136

Іран прызнаў пастаўкі беспілотнікаў у Расію. Але гэта не тое, што вы думаеце. Міністр замежных спраў Ірана Хасейн Абдалахіян заявіў, што "невялікую колькасць" дронаў пастаўленыя ў Расію за некалькі месяцаў да пачатку вайны ва Украіне.

"Нашы адносіны з Расіяй заснаваныя на тым, што мы суседзі, у нас ёсць агульныя інтарэсы. Хацеў бы абмеркаваць той розгалас, які ўзнялі заходнія краіны, якія сцвярджаюць, што Іран паставіў Расіі ракеты і дроны... Сцвярджэнні аб ракетах — цалкам няслушныя. Частка, якая тычыцца беспілотнікаў, дакладная: мы перадалі РФ невялікую колькасць беспілотнікаў за некалькі месяцаў да старту канфлікту ва Украіне", — цытуюць чыноўніка іранскія СМІ.

Міністр паабяцаў, што Тэгеран "не застанецца абыякавым", калі будзе даказана, што іранскія беспілотнікі выкарыстоўваліся для вайны ва Украіне.

Між тым, заходнія СМІ паведамляюць, што пастаўкі іранскіх беспілотнікаў Mohajer і Shahed у Расію пачаліся летам 2022 года, то бок праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны. The Washington Post называе дакладную дату першай пастаўкі: 19 жніўня.

Па звестках выдання, усяго Іран збіраецца перадаць Расіі некалькі сотняў беспілотных лятальных апаратаў розных тыпаў. На Захадзе тое, што Тэгеран пастаўляе Маскве зброю для вайны ва Украіне, лічаць фактам. Супраць Ірана ўжо ўведзены санкцыі за гэта.

З пачатку восені 2022 года Расія актыўна выкарыстоўвае БЛПА-камікадзэ для нападаў на пазіцыі ўкраінскіх войскаў і крытычную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў. Дронамі і ракетамі разбураныя электрастанцыі і аб'екты электрасетак, што асабліва небяспечна для мірнага насельніцтва Украіны. Бо хутка зіма, а арганізаваць ацяпленне кватэр ва ўмовах пастаянных абстрэлаў вельмі цяжка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі