Івонка Сурвіла: Мы яшчэ пабачымся ў вольнай Беларусі
Старшыня Рады Беларускай народнай рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла з відэазваротам з нагоды Дня Волі. Яна павіншавала суайчыннікаў з 98-мі ўгодкамі абвяшчэння БНР. Паводле яе, 25 сакавіка 1918 года “зняможаны вайной беларускі народ заявіў, што „ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай“.
Як адзначыла Івонка Сурвіла, беларускі народ жыве не толькі дзякуючы рашучасці сваіх продкаў, але і таксама “дзякуючы жыццяздольнасці кожнага з нас”.
“Дваццатае стагоддзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу — высылкі, расстрэлы, дыктатуры, выгнанне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуццё годнасці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!” — сказала старшыня Рады БНР.
Яна выказала веру ў тое, што беларусы дасягнуць лепшай будучыні, пра якую мараць.
“Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш край далучыцца да сям’і заможных і паважаных еўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі. Жадаю вам сёння мужнасці і вытрываласці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў”, — сказала Івонка Сурвіла.