Калінінградская вобласць вымушана завозіць беларускія тавары праз Расію
Калінінградская вобласць вымушана завозіць беларускія тавары праз Расію, паведамляе ria.ru. Прычына — санкцыі ЕС, якія не дазваляюць беларускім аўтаперавозчыкам везці іх наўпрост праз Літву ці Польшчу (за пэўным выключэннем). Губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў кажа, што цяпер робяцца спробы адрэгуляваць пастаўкі ў рэгіён патрэбных тавараў з Беларусі. Паводле яго слоў, пад еўрапейскія санкцыі не трапілі толькі гуманітарныя грузы, тавары аграрнага і медыцынскага сектараў — іх па-ранейшаму можна правозіць аўтатранспартам.
"Але ў нас ёсць спажыванне і іншых тавараў, якія нам важныя, патрэбныя, і пакуль мы цяпер падладжваемся, — працягвае губернатар. — Даводзіцца іх вывозіць у РФ, потым везці назад. Але гэта ўскладняе лагістыку".
Аліханаў падкрэслівае, што "прыемнага ў гэтым мала", бо павялічваюцца выдаткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.