Каложа: “Гэта памылка! Не будзе рэстаўрацыі ці рэканструкцыі за такія грошы!"
Афіцыйна грошы выдзеленыя на "выкананне рэстаўрацыйных работ і капітальны рамонт Барысаглебскай (Каложскай) царквы XII стагоддзя ў Гродне". Але ў Барысаглебскай царкве Еўрарадыё тлумачаць, што на прэзідэнцкам сайце… памылка. Грошы пойдуць на іншае:
"Гэта памылка. Тут няма гаворкі ні пра рэстаўрацыю, ні пра рэканструкцыю, гэта нават зразумела з той сумы якая выдзеленая, — кажа настаяцель царквы, протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. — Грошы будуць выдаткаваныя на замену згнілых драўляных канструкцый і пашкоджаных крокваў і даху. Выдзеленыя грошы тычацца толькі супрацьаварыйных рамонтных прац".
На выкананне рэстаўрацыйных работ і капітальны рамонт Каложскай царквы ў Гродне, а таксама на кансервацыю Крэўскага замка выдаткавана 369 834 рублеў. Частка гэтай сумы подзе на таніраванне адслаення роспісаў XVIII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя.
Вылучэнне дадатковых сродкаў на архітэктурныя помнікі "з'яўляецца сведчаннем увагі дзяржавы да захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны”, ― гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.