Каля ўзбярэжжа Аўстраліі знайшлі найстарэйшае пасланне ў бутэльцы (фота)
Каля ўзбярэжжа Аўстраліі знайшлі найстарэйшае пасланне ў бутэльцы. Яго выкінулі ў акіян амаль 132 гады таму з нямецкага карабля.
Як інфармуе “Бі-Бі-Сі”, на пляжы ў пяску бутэльку заўважыла Тоня Ілман, якая гуляла там з сям’ёй. Толькі дома яна пабачыла ўнутры запіску. У ёй паведамлялася, што нямецкія маракі карабля “Паўла” выкінулі яе за борт 12 чэрвеня 1886 года каля заходняга ўзбярэжжа Аўстраліі. Яны прапаноўвалі таму, хто знойдзе бутэльку, звярнуцца ў нямецкае консульства. Эксперты з Нідэрландаў і Германіі пацвердзілі, што дакумент сапраўдны. Дагэтуль рэкордным было пасланне, якое знайшлі праз 108 гадоў пасля адпраўкі.
Цікава, што ў нямецкіх архівах знайшлі дакументы карабля, у якіх згадваецца запіска. Дата, калі бутэлька была выкінутая за борт, супадае. У той час гэты метад выкарыстоўвалі для вывучэння плыняў акіяну, таму бутэлькі выкідаліся з караблёў тысячамі.