Каментатары тэлеверсіі "Оскара": 90 адсоткаў гледачоў "ляпаў" не заўважылі
Яўген Булка і Андрэй Бонд "хварэлі" за "Гатэль "Гранд Будапешт"", хоць і прыпісалі яго іншаму рэжысёру.
Тэлеверсія сёлетняга "Оскара" на тэлеканале "АНТ" выклікала буру ў сацсетках. А ўсё з-за каментатараў, якія так і "сыпалі" недарэчнымі жартамі і хібамі, блытаючы рэжысёраў, сюжэты фільмаў ды імёны акцёраў.
"Пачварныя беларускія каментатары, лепш бы вы не браліся за гэтую працу!!! "Оскар" глядзець немагчыма !! Несяце лухту, не перакладаеце, дык хоць паслухаць дайце!!! Фразу пачынаеце — не заканчваеце, перабіваеце адзін аднаго!!! Фу, адным словам... сапсавалі ўражанне ад прагляду(((", — абураецца ў Facebook карыстальніца Яна Стражынская.
"Гэта самая пякельная трансляцыя "Оскара" ці я адвыкла ад расійскага ТБ і іх непаўторных каментарыяў?" — пост Ульяны Бабаед збірае больш да 80 каментарыяў, з якіх яна даведваецца, што перлы выдаюць усё ж родныя беларускія каментатары.
Еўрарадыё, натуральна, вырашыла даведацца ў вядучых Яўгена Булкі і Андрэя Бонда, як ім спадабалася іх жа праца. Апынулася, што яны не асабліва перажываюць за свае "ляпы", тым больш, што выступалі ў ролі каментатараў галоўнай кіна-цырымоніі ў свеце ўпершыню.
Андрэй Бонд, напрыклад, лічыць, што можна і "падзяліцца тым, у чым крыху разбіраешся" і скардзіцца на нязручнае месца, куды пасадзілі каментатараў:
"Ляпы былі, зразумела, гэтага нават ніхто не збіраецца адмаўляць. Адказнасць за гэта нясуць тры чалавекі — усе, хто каментаваў. Да таго ж, мы сядзелі не ў самым зручным месцы для каментавання. Так, былі там памылкі ў прозвішчах і мы блыталіся ў сюжэтах, але нечага такога фатальнага не адбылося. Гэта па-першае. Па-другое, мы не прэтэндуем на званні нейкіх галоўных кінакрытыкаў ці кінаведаў і кінаманаў. Мы з Жэнем тут як прадстаўнікі тэлебачання і аматары кіно, а Ліля, зноў жа, як сузіральнік, аматар кіно. Прапанавалі — чаму не? Мы як бы разбіраемся крыху ў гэтым, чаму б не падзяліцца".
Яўген Булка ў сваю чаргу мяркуе, што 90 адсоткаў тэлегледачоў нават не заўважылі хібаў каментатараў:
"Я ўпэўнены, што для 90 адсоткаў тэлегледачоў ўсё ж некаторыя агаворкі прайшлі абсалютна незаўважанымі. Бо для таго, каб разбірацца ў кіно, трэба мець вельмі шмат вольнага часу. Таксама мусіць быць тэхнічная аснашчанасць, але не ў кожным населеным пункце Беларусі ёсць хуткі інтэрнэт, каб глядзець фільмы ў добрай якасці і ацэньваць усе тонкасці грыму і аператарскай працы. Да таго ж, мы людзі, а людзі маюць права памыліцца. Тым больш, калі ўлічваць складанасць працы".
Тут Яўген пачынае распавядаць пра складанасці працы з трансляцыяй, чаканне сігналу, тэхнічныя збоі. Але, як высвятляецца ў тым жа Facebook, і калі ўважліва прыслухацца, то сапраўды на заднім плане ў навушніках каментатараў чуецца сінхронны пераклад! То бок, каментатары мусілі слухаць пераклад і на яго аснове будаваць свае дыялогі. Аднак часам іх заносіла зусім у іншую каляіну, кшталту "амерыканцы ненавідзяць палякаў і ўвесь час з іх жартуюць" (гэта падчас атрымання "Оскара" польскім фільмам "Іда").
"Асаблівасць "Оскара" у тым, што гэта прэмія амерыканскай кінаакадэміі, — Яўген Булка тлумачыць, чаму вядучыя часам не прытрымліваліся арыгінала. — І калі мы глядзім шоў, слухаем песні, чуем жарты, нават калі перакладаем гэта ўсё даслоўна, многія жарты беларускаму абывацелю проста незразумелыя, бо амерыканскія рэаліі для іх неактуальныя. Ці, напрыклад, як з першым жартам наконт "whitest i brightest", які быў незразумелым тым, хто не глядзеў мінулы "Оскар".
Па словах Яўгена Булкі, да іх быў прыстаўлены эксперт па кіно, які мусіў "нацягаць" па асноўных кінаматаграфічных і оскараўскіх пытаннях. Не атрымалася.
"Калі я асабіста некага пакрыўдзіў сваёй агаворкай, я прашу прабачэння, і, улічваючы, што ў ўпершыню каментую падобную падзею, я спадзяюся ўсё ж на паблажлівасць і абяцаю набрацца досведу і пачаць з каментарыяў "Лістапада","Лістападзіка", "Маёўкі" і іншых кінафестываляў", — кажа Булка.
Дарэчы, фаварытам абодвух каментатараў — і Бонда, і Булкі — стаў фільм Уэса Андэрсана "Гатэль "Гранд Будапешт"". І калі за галоўнай рэжысёрскай статуэткай выйшаў Алехандра Гансалес Іньярыту (аўтар "Бёрдмэна"), нехта з іх сказаў: "Як я рад за "Гатэль "Гранд Будапешт""!
Фота: www.japantimes.co.jp, radio.ont.by