Кампанія EPAM пакідае Расію
Кампанія EPAM пакідае Расію і спыняе ўсе аперацыі ў краіне. Пра гэта кіраўнік кампаніі Аркадзь Добкін паведаміў у лісце супрацоўнікам, піша devby.io.
Прычынай такога рашэння Добкін называе вайну Расіі супраць Украіны.
"Паважаныя калегі, вайна ва Украіне, пачатая расійскім урадам, прынесла трагічную і няўяўную рэальнасць народу Украіны, усяму свету і EPAM. Гэтая агрэсія спусташальная, і мы самым рашучым чынам яе асуджаем", — піша Добкін.
4 сакавіка кампанія абвясціла, што спыняе абслугоўванне кліентаў у Расіі. А праз месяц пасля гэтага пасля кансультацый з кліентамі і партнёрамі па ўсім свеце вырашыла спыніць усе аперацыі ў РФ.
Кампанія анансуе паэтапны сыход цягам трох месяцаў.
"З пачатку вайны мы вылучылі гуманітарную дапамогу украінскім EPAMаўцам і іх сем'ям на суму $100 млн. У бліжэйшыя некалькі дзён мы аб'явім пра запуск "EPAM Ukraine Assistance Fund", чыя місія — дапамагчы ўсім украінцам, якія жывуць у нястачы. Фонд пашырыць нашы раней абвешчаныя абавязанні па аказанні дапамогі за межы EPAM і нашых бягучых платформаў", — дадае кіраўнік кампаніі.
Паведамляецца, што ў 2021 годзе ў Расіі ў EPAM працавалі 6190 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.