Кампанія, якая будуе каля Курапат, атрымала зямлю, калі гэта была ахоўная зона
Каля ўрочышча Курапаты працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва пяціпавярховага офіснага будынка. 21 лютага пасля сутычкі актывістаў з будаўнікамі намёт пратэстоўцаў выкідваюць з будаўнічай пляцоўкі. Апоўдні каля будоўлі застаюцца дзяжурыць каля дзесяці актывістаў і некалькі мясцовых жыхароў. Цяпер іх намёт ― за плотам будоўлі. Будаўнікі працуюць, пачынаецца пракладка камунікацый да будучых офісаў…
Хто і навошта пратэстуе
Актывісты хочуць спыніць будоўлю, бо яна вядзецца каля мемарыяла, дзе ў сталінскія часы былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек. Да снежня 2014 года там была ахоўная зона помніка, дзе будаваць нельга. Мясцовыя жыхары пратэстуюць, бо будучы офісны будынак будзе замінаць пад’язджаць да дамоў на машыне.
“Дом, а побач кальцавая дарога, гэта ж нікуды не годнае. Тут “хуткая” нават не праедзе з-за гэтага будынка. Мы тут усе супраць, пішам скаргі. Ён жа і дзіцячую пляцоўку закрые. І навошта нам тут гэтыя офісы”, ― скардзіцца Ніна Канстанцінаўна, мясцовая жыхарка.
Да яе далучаецца суседка Валяцніна Міхайлаўна:
“Людзі да адчаю дайшлі, ніякая ўлада на гэта не рэагуе. Дзе той дэпутат, якога мы абіралі? У 2013 годзе яны набылі гэты ўчастак, а ў 2016 годзе толькі правялі грамадскае абмеркаванне”.
Каля мяне збіраюцца шасцёра мясцовых жыхароў, усе абураныя будаўніцтвам і хочуць сабраць подпісы супраць.
Нестыкоўкі ў праекце офіснага будынка
Як даведалася Еўрарадыё, участак зямлі, на якім цяпер будуюць, быў прададзены на аўкцыёне ў 2013 годзе. Тады на гэтым месцы яшчэ праходзілі ахоўныя зоны мемарыяла “Курапаты”. Праект ухваліла і дзяржаўная экспертыза, у верасні 2014-га. А пляцоўка для будаўніцтва перастае быць ахоўнай зонай толькі ў снежні 2014-га, праз два месяцы пасля таго, як кампанія-забудоўшчык прайшла экспертызу праекта.
“Гэты аб’ект знаходзіцца за кальцавой, аб’ект не ўваходзіць у ахоўныя зоны. Уся шуміха высмактаная з пальца. Усе дазваляючыя дакументы ў нас ёсць, усе ўзгадненні і дазволы”, ― расказвае прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”
Еўрарадыё: Але гэты кавалак зямлі ваша кампанія ўзяла, калі там яшчэ знаходзіліся ахоўныя зоны?
Прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”: Тады быў іншы кіраўнік кампаніі. А да чаго гэтае пытанне?
Еўрарадыё: Кампанія атрымлівае зямлю, але будаваць там нічога нельга на той момант, чаму так?
Прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”: Ёсць шэраг падзей, якія я ў поўнай меры не ведаю. Але ж не заўжды хапае фінансавання, каб пачынаць будаўніцтва.
У Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска кажуць, што ўсё на законе, аўкцыён быў, ахоўнай зоны не было:
“У 2012-м годзе быў распрацаваны горадабудаўнічы пашпарт гэтага зямельнага ўчастка. І выстаўляўся на аўкцыён, у чэрвені 2013 года гэта кампанія выйграла аўкцыён. У ахоўную зону гэта не ўваходзіла”.
Але, як даведалася Еўрарадыё у распрацоўшчыкаў праекта ахоўных зон, і ў Мінкульце, на момант правядзення аўкцыёна там была “часовая ахоўная зона”. Распрацоўваць пашпарт аб’екта, тым больш выстаўляць гэта на аўкцыён, было нельга.