Кандрусевіч: Беларусь трэба лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова

Кандрусевіч: Беларусь трэба лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова

21 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, піша сайт catholic.by.

Перад імшой ён падзякаваў вернікам за малітвы падчас яго выгнання, якое доўжылася амаль чатыры месяцы: "Гэта быў знак салідарнасці з біскупам, які ўвесь час памятаў аб верніках і краіне, якая знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе"

У сваёй прамове арцыбіскуп прыгадаў брытанскага палітыка Уінстана Чэрчыля. "За сваё доўгае і вельмі паспяховае палітычнае жыццё ён меў шмат прамоваў, якія ўвайшлі ў сусветны залаты аратарскі фонд. Аднак яго словы Never give up! — "Ніколі не здавайся!" — сталі самай лаканічнай і адначасова самай лепшай прамовай", — падкрэсліў Кандрусевіч.

Закрануў ён і сітуацыю ў Беларусі. На думку каталіцкага іерарха, наша краіна знаходзіцца ў вельмі глыбокім палітычным крызісе. "Грамадска-палітычны крызіс, у якім знаходзіцца наша Бацькаўшчына, нагадвае пра тое, што яна хворая і яе неабходна лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова", — заявіў Кандрусевіч. 

У якасці лекаў ён прапануе вярнуцца да выканання Божага закону — "найперш праз малітву і пакаянне".

"Без Божай дапамогі ніякія намаганні палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і эканамістаў не вырашаць праблему. Зло трэба перамагаць дабром. Грэх — Божай ласкай. Гэта нялёгкая справа, але з Божай дапамогай магчымая", — упэўнены арцыбіскуп.

Ён заклікаў Беларусь не паддавацца песімізму, ніколі не здавацца і памятаць, што ў Бога ўсё магчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі