Канькабежка Ганна Ніфонтава вымушаная датэрмінова вярнуцца ў Мінск з Алімпіяды
Ганна Ніфонтава / @noc_belarus
Праз траўму калена вымушаная датэрмінова вярнуцца ў Мінск з Алімпійскіх гульняў беларуская спартсменка Ганна Ніфонтава, паведамілі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.
Сёння яна мусіла ўдзельнічаць у забегу на каньках на 1000 м, але на старт не выйдзе. Паводле яе слоў, напярэдадні на трэніроўцы яна траўмавала калена, якое раней яе ўжо трохі турбавала. Доктар у шпіталі дыягнаставаў надрыў меніска.
"З такой траўмай працягваць выступы немагчыма. У сувязі з чым не змагу працягнуць выступленне ў Пекіне. Мне шкада, што не выйду на "тысячу", але я цяпер вымушаная вярнуцца ў Мінск і заняцца лячэннем", – расказала Ганна Ніфонтава.
Для Ніфонтавай гэта першыя Алімпійскія гульні. Яна паспела паўдзельнічаць у забегу на 500 метраў, дзе паказала 19 вынік.
Варта таксама адзначыць, што Ганна Ніфонтава разам з Ігнатам Галавацюком неслі сцяг зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.