Караткевіч не атрымала ад ЦВК дадатковы эфірны час для выступлення
У пятніцу, 2 кастрычніка, Цэнтрвыбаркам разглядаў заяву кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч аб прадастаўленні ёй эфірнага часу, які не выкарыстаў кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка. Як вядома, кіраўнік дзяржавы падчас наведвання Беларускага металургічнага завода сказаў, што гатовы аддаць свой невыкарыстаны эфірны час іншым кандыдатам (ён не выступаў ні на тэлебачанні, ні на радыё). Караткевіч спасылалася на тое, што пасля яе выступленняў на тэлебачанні былі шматлікія звароты грамадзян, якія прасілі выступіць яшчэ раз і распавесці пра актуальныя праблемы ды шляхі іх вырашэння.
ЦВК аднак вырашыў, што перадача эфірнага часу немагчымая. Вось што сказаў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік:
"Перадаць гэты час іншым кандыдатам ці аднаму з кандыдатаў мы не маем права ў адпаведнасці з дзейным выбарчым заканадаўствам. Па-першае, таму, што эфірны час не належыць кандыдатам у прэзідэнты. Эфірны час належыць Белтэлерадыёкампаніі" .
Былі названыя і іншыя прычыны. Сярод іх і тое, што Белтэлерадыёкампанія ўжо звярстала сетку вяшчання на бліжэйшы час. Да таго ж, у ЦВК не паступіла заява ад кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, а яго публічнае выступленне не лічыцца афіцыйнай заявай.
Фота: БЕЛТА