Караткевіч: У словах Лябедзькі, што мы “спонсары ўлады”, няма ніякай логікі
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвінавачвае “Гавары праўду” ў “спонсарстве ўлады”. Усё з-за таго, што лідары ГП нібыта выказаліся супраць рэзалюцыі з крытыкай Беларусі, якую разглядалі падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ у Мінску 8 ліпеня.
Лябедзька: “Кіраўнікі “Гавары праўду” ў інтэрнэце выказаліся супраць крытычнай рэзалюцыі пра Беларусь, якая была падрыхтаваная для прыняцця на парламенцкай сесіі АБСЕ, што праходзіла днямі ў Мінску. Гэта яўна спонсарская пазіцыя таго, што робіць улада. Бо ўлада кажа, што ў Беларусі ўсё добра, што ім не патрэбныя ніякія хатнія заданні, "не трэба на нас ціснуць"”.
Таццяна Краткевіч, адна з лідараў кампаніі “Гавары праўду”, здзіўленая гэтым абвінавачваннем Анатоля Лябедзькі. Па словах палітыка, яна была непрыемна здзіўленая тым, што гэтая рэзалюцыя не трапіла ў выніковую дэкларацыю ПА АБСЕ.
Караткевіч: “Для мяне гэта было нечаканасцю. Я была ўпэўненая, што, калі рэзалюцыя прынятая адпаведным камітэтам, то яна ўводзе ў выніковую дэкларацыю. І гэта дрэнна. Бо калі б у выніковай дэкларацыі Беларусь прагучала, то мы былі б у фокусе міжнароднага дыялогу АБСЕ, іншых міжнародных арганізацый. А так, атрымліваецца, што мы сыходзім з гэтай топавай тэмы”.
Больш за тое, Караткевіч сцвярджае, што яна акурат была за тое, каб у рэзалюцыі, дзе ўтрымлівалася крытыка Беларусі за сітуацыю з правамі чалавека, свабодай СМІ і за наяўнасць у краіне палітвязняў, былі больш падрабязна апісаныя ўсе гэтыя парушэнні.
Сапраўды, у дзень абмеркавання рэзалюцыі і галасавання па ёй Таццяна Караткевіч піша на сваёй старонцы ў Фэсбуку:
“Ніхто не зробіць нашу працу за нас у адстойванні інтарэсаў краіны. Гаворка ідзе аб абмеркаванні праекта рэзалюцыі "Становішча ва Усходняй Еўропе", у якой ёсць чатыры пункты, якія характарызуюць сітуацыю ў сферы правоў чалавека ў Беларусі і рэкамендацыі па дзеяннях. На наш погляд, у гэтых пунктах магло б быць больш канкрэтыкі. Сапраўды, гэтак жа ў выступе віцэ-спікера Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука больш аргументаў і фактаў”.
Па словах Караткевіч, у выказваннях Анатоля Лябедзькі наконт “спонсарскай пазіцыі” “Гавары праўду” няма ніякай логікі.