Кастусёў заявіў у судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск
Рыгор Кастусёў заявіў падчас допыту ў судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск. "Калі тваю сям'ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна", — цытуе словы палітвязеня sputnik.by. Кастусёў нагадаў, што затрымлівалі яго дачку і зяця.
Пракурор спытаў у Кастусёва, ці агаворваў ён кагосьці з абвінавачаных. "Стараўся не агаворваць, цяжка ўспомніць", — адказаў ён.
Рыгор Кастусёў ведаў, што яго могуць затрымаць, але не збег з Беларусі.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў — фігурант гучнай справы аб "змове з мэтай захопу ўлады" (яна разглядаецца ў Мінскім абласным судзе). Ён знаходзіцца за кратамі з вясны 2021 года, у зняволенні ў палітыка выявілі анкалогію. Сваю віну Кастусёў у судзе не прызнаў. Пракурор лічыць, што ён уступіў у змову, арганізаваную Юрасём Зянковічам і Дзмітрыем Шчыгельскім. Сам Кастусёў заявіў, што ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыях "змоўшчыкаў" толькі як слухач.
Расследаваннем крымінальнай справы займалася Следчае ўпраўленне КДБ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ вясной мінулага года заявіў аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту" і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за "змоўшчыкамі" працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.