Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць Божае нараджэнне
25 снежня католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць Божае нараджэнне. Гэта адно з найбольш значных у хрысціянстве святаў.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім душпастырскім пасланні, прымеркаваным да гэтага свята, не толькі павіншаваў вернікаў, але і адзначыў асноўныя праблемы сучаснасці — у тым ліку тэрарызм і гібрыдныя войны.
"Сучасны свет, а асабліва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Прымаюцца супярэчныя Божаму закону і духу Евангелля законы. Не шануецца Богам створаны інстытут сям’і. Самыя новыя дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі з найбольш каштоўным Божым дарам, якім з’яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай ідэалогіі, якая адкідае праўду аб тым, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну (пар. Быц 1, 27), і сцвярджае, што пол чалавека залежыць ад культурных абставін, у якіх ён жыве, і таму можа змяняцца. Гэтым самым яна пераварочвае Богам створаны парадак дагары нагамі. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм і гібрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялікай праблемай з’яўляецца міграцыя. Сучасная культура і СМІ замест таго, каб умацоўваць духоўная каштоўнасці, іх абвяргаюць", — гаворыцца ў пасланні.
Ён заклікае будаваць свабоднае і маральнае грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў: "Хрысціянін павінен даверыцца Хрысту, які нарадзіўся ў Бэтлееме і нараджаецца сёння на нашай зямлі, каб прычыніцца да пабудовы свабоднага і маральнага грамадства".
Еўрарадыё таксама віншуе ўсіх хрысціянаў, якія адзначаюць сёння свята Божага Нараджэння!