Казахстан накіраваў ноту польскім уладам з просьбай адкрыць мяжу для фур

Чарга перад пунктам пропуску на беларуска-польскай мяжы / ілюстрацыйнае фота @gpkgovby
Чарга перад пунктам пропуску на беларуска-польскай мяжы / ілюстрацыйнае фота @gpkgovby

Пасольства Казахстана ў Польшчы звярнулася да польскіх уладаў з нотай аб неабходнасці зняць абмежаванні для казахстанскіх перавозчыкаў. Пра гэта расказалі ў Нацыянальнай палаце прадпрымальнікаў Казахстана "Атамекен".

Пасля таго як на польска-беларускай мяжы быў закрыты памежны пераход "Баброўнікі-Бераставіца", адзінай магчымасцю перасячы мяжу стаў пераход "Кукурыкі-Казловічы". Але з 21 лютага польскія ўлады забаранілі і тут рух часткі грузавікоў. Адгэтуль перасякаць мяжу тут могуць толькі транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Польшчы і краінах-чальцах ЕС, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, краінах-чальцах пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарскай Канфедэрацыі.

"Пад новыя абмежаванні трапілі і казахстанскія перавозчыкі, якія вязуць экспартныя тавары Казахстана ў краіны Еўропы, а таксама еўрапейскія тавары, што адпраўляюцца на адрас казахстанскіх прадпрыемстваў", — кажа дырэктар дэпартамента лагістыкі і перавозак "Атамекен" Мурат Амрын. Паводле яго слоў, вытворцы і перавозчыкі нясуць мільённыя страты. Станам на 23 лютага на тэрыторыі Польшчы знаходзілася больш за 150 казахстанскіх вялікагрузаў. Яшчэ больш за сто ішло ў напрамку Еўрапейскага саюза. "Лагістыка парушаная, адбываецца падаражэнне сабекошту перавозак", адзначыў Амрын.

Казахстан цяпер прапрацоўвае альтэрнатыўныя шляхі для сваіх перавозчыкаў, вядзе перамовы з літоўскімі ўладамі. Але гэтыя шляхі атрымліваюцца даўжэйшымі. Як вынік, вырастуць выдаткі і кошт перавозак.

Між тым, у беларускім Памежным камітэце сцвярджаюць, што пасля закрыцця "Баброўнікаў" колькасць фур перад пунктам пропуску "Кукурыкі" павялічылася ў 10 разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі