КХП-БНФ дазволілі 6 лістапада правесці шэсце да Лошыцкага яра
Мінгарвыканкам дазволіў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правесці 6 лістапада традыцыйнае шэсце да Лошыцкага яра, паведамляе БелаПАН. Лошыца — адно з месцаў масавых расстрэлаў у сталінскія часы.
Апазіцыйная партыя звычайна ладзіць гэтае шэсце праз тыдзень пасля акцыі "Дзяды" ў Курапатах. Яно таксама прымеркаванае да дня памінання памерлых.
У каментары БелаПАН намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі паведаміў, што гэтым разам чыноўнікі не запатрабавалі ад заяўнікаў аплаціць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі ды камунальных службаў.
Збор удзельнікаў шэсця плануецца а 12-й гадзіне на пляцоўцы каля ДК "Лошыцкі". У 12.30 шэсце пойдзе ўздоўж вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яра. Там а 15-й гадзіне пачнецца мітынг.
Летась кепскае надвор'е перашкодзіла мінчукам паўдзельнічаць у такой акцыі: на яе прыйшлі толькі каля 50 чалавек, пераважна прадстаўнікі КХП-БНФ.