Кірыл Гатавец падпісаў кантракт з мінскім "Дынама"
Мінскае "Дынама" працягвае збіраць пад свае сцягі беларускіх хакеістаў. Раней кантракты з клубам падпісалі вопытныя Сяргей і Андрэй Касціцыны, Алег Явенка, Максім Парфеявец. 22 траўня стала вядома, што двухгадовы кантракт падпісаў абаронца Кірыл Гатавец.
Гатаўцу 25 чэрвеня споўніцца 27 гадоў. У мінулым сезоне ён выступаў у амерыканскай хакейнай лізе за "Манітоба Мус". У складзе мінскага "Дынама" Гатавец быў у сезоне 2016/2017 гадоў.