КНДР запусціла яшчэ дзве балістычныя ракеты
Запуск КНДР міжкантынентальнай балістычнай ракеты 19 лютага / Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі
Паўночная Карэя другі раз за апошнія некалькі дзён запусціла балістычныя ракеты ля свайго ўсходняга ўзбярэжжа. Пра гэта паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на вайскоўцаў Паўднёвай Карэі.
Старты адбыліся на наступны дзень пасля таго, як Паўднёвая Карэя і ЗША правялі сумесныя паветраныя вучэнні з удзелам бамбавікоў. Гэтыя вучэнні былі адказам на запускі КНДР ракеты вялікай далёкасці.
Сёння ж было зроблена два стрэлы з 600-мм рэактыўнай сістэмы залпавага агню, гэта была вучэбная стральба. Ракеты праляцелі 395 км і 337 км адпаведна, паведаміла афіцыйнае Цэнтральнае інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі (ЦТАК). Раней на цырымоніі "прадстаўлення" 600-мм ракетнай устаноўкі лідар краіны Кім Чэн Ын назваў яе "наступальнай зброяй", здольнай несці тактычныя ядзерныя боегалоўкі. І гэтыя ракеты могуць нанесці ўдар па ўсёй Паўднёвай Карэі.
Reuters таксама паведамляе, што ўплывовая сястра лідара Кім Чэн Ына заявіла, што выкарыстанне Пхеньянам Ціхага акіяна ў якасці свайго "палігона" будзе залежаць ад паводзінаў амерыканскіх войскаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.