Колькі людзей рэальна ўдалося прыцягнуць да збору подпісаў
На пікеце ў Мінску / Еўрарадыё
На мінулым тыдні Цэнтрвыбаркам агучваў, колькі людзей запісалася ў ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла. Калі вынесці за дужкі Аляксандра Лукашэнку, рэкорд у экс-банкіра Віктара Бабарыкі — амаль 9 тысяч прыхільнікаў. Але адна рэч — запоўніць гугл-форму, і зусім іншая — забраць пасведчанне і хадзіць па кватэрах з падпісным лістом.
Колькі "штыкоў" (як гаворыць пра сваіх зборшчыкаў подпісаў Ганна Канапацкая) палітыкам удалося прыцягнуць да рэальнай работы? Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў штабах вылучэнцаў.
Алег Гайдукевіч — больш за 4000
"Мы зарэгістраваліся адны з першых, таму да выхадных ужо амаль усе пасведчанні былі раздадзеныя, гэта 4053. Мы не раздавалі іх падчас пікетаў, а скарысталіся структурай партыі, нам у гэтым плане было прасцей, паколькі ёсць свае прадстаўнікі ў рэгіёнах. Мы ўсё раздалі на нарадзе з кіраўнікамі рэгіянальных структур, а яны — ахвотным актывістам".
Віктар Бабарыка — больш за 3600
"За два дні мы раздалі мінчукам 3200 пасведчанняў [2320 за першы дзень, астатнія — за другі. — Еўрарадыё]. У нас пікетаў няма, пункт раздачы пасведчанняў размяшчаецца ў ангары ОК16 на вуліцы Кастрычніцкай", — каментуе Сяргей Скляраў, давераная асоба Віктара Бабарыкі.
"Сёння [да вечара 25 траўня. — Еўрарадыё] мы раздалі 3610 пасведчанняў у горадзе Мінску, — расказвае патэнцыйны кандыдат на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". —Таксама пасведчанні былі дастаўлены ў 36 населеных пунктаў Беларусі. Пачынаючы з заўтрашняга дня, усім членам ініцыятыўнай групы будуць паведамлены кантакты каардынатараў, з якімі можна звязацца".
Усяго ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі запісалася 8905 чалавек. Пакуль што з пасведчаннямі — менш за палову. Менавіта гэтыя людзі могуць прыступаць да збору подпісаў.
Андрэй Дзмітрыеў — каля 2400
"Да нашай ініцыятыўнай групы далучылася ўжо 2409 чалавек, амаль усе яны атрымалі свае пасведчанні. Засталося, напэўна, 20-30 штук. Хтосьці прыходзіў і забіраў сам, камусьці адпраўлялі па пошце. Вельмі шмат людзей запісаліся праз інтэрнэт. Ёсць людзі — якія жывуць у маленькіх гарадах, — ім прывозілі асабіста".
Андрэй Дзмітрыеў расказвае, што збор подпісаў праходзіць двума спосабамі: на пікетах і па так званым прынцыпе дастаўкі ежы (палітык лічыць яго асноўным). Ахвотныя падпісацца афармляюць заяўкі ў інтэрнэце, каардынатары размяркоўваюць іх па рэгіянальных прадстаўніках, а тыя збіраюць подпісы на месцах.
Сяргей Чэрачэнь — больш за 1000
"Нам удалося раздаць больш за 1000 пасведчанняў. Збор подпісаў на пікетах дае меншую аддачу, чым калі праходзім па кватэрах. Разумею, што гэта сацыяльна небяспечная працэдура, але цяпер мы загнаныя ў такія рамкі, што вымушаныя гэта рабіць".
Наталля Кісель — 105
"Са 143 падпісных пасведчанняў мы раздалі 105, але сітуацыя мяняецца штохвілінна".
Юрый Губарэвіч — каля 60
"Са 121 атрыманага намі пасведчання раздадзена каля паловы. Мы прынцыпова прынялі рашэнне, што зборшчыкі подпісаў праз эпідэміялагічную сітуацыю не стануць хадзіць па кватэрах, а будуць праводзіць інфармацыйныя пікеты. Першы прайшоў у Брэсце, падчас іншых плануем распаўсюдзіць тыя пасведчанні, што засталіся".
Па словах Юрыя Губарэвіча, прыблізна гэтак жа ідуць справы і ў іншых удзельнікаў апазіцыйных праймерыз — Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова. Суразмоўнік кажа, што 120 чалавек цалкам дастаткова для правядзення пікетаў па рэгіёнах Беларусі.
Вольга Кавалькова — каля 40
"На пікетах мы збіраем кантакты людзей, гатовых увайсці ў склад участковых камісій і быць назіральнікамі. У нядзелю быў першы пікет на Камароўцы, запісалася каля 200 чалавек з Мінска і некаторых рэгіёнаў. Намі было раздадзена каля 40 пасведчанняў. Камусьці раздавалі асабіста, камусьці адправілі па пошце".
Юрый Ганцэвіч — "Якая вам справа?"
"Дайце мне хоць у краму ці на рынак схадзіць. Другі дзень не магу дайсці да рынку! Каго пасведчанняў? А якая вам справа, колькі пасведчанняў раздаю і колькі подпісаў збіраю?"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.