"Крамбамбуля": Мы ніколі не казалі, што ў Вільні будзем граць апошні канцэрт
Увечары трэцяга кастрычніка на трэцім паверсе сталічнага гандлёвага цэнтра "Маскоўска-Венскі" не прайсці. Не, тут не татальны распродаж да 7 лістапада. Тут "партызанская" сустрэча з гуртом "Крамбамбуля"! Заадно можна набыць новы альбом "Чырвоны штраль" і мерч, распрацаваны дызайнерам Ігарам Назаранкам.
Лявон Вольскі і "атрад" з'яўляюцца пад бурныя апладысменты некалькіх сотняў прыхільнікаў. Лявон дакладвае, што гурт толькі што з рэпетыцыі, "рыхтуецца да адказнай акцыі" і выказвае спадзяванне, што ўсе прысутныя едуць на канцэрт гурта ў Вільню. На гэта хор з фэнаў адказвае станоўча. Далей сустрэча праходзіць у вясёлым фармаце пытанняў і адказаў.
Чаго толькі не пытаюцца фэны ў "Крамбамбулі"! Напрыклад, пра адносіны гурта з калегамі, пытаюць пра стаўленне да гурта "Дай Дарогу!" і Сяргея Міхалка.
"Некаторыя нашы музыкі граюць у іншых гуртах. Так што, стасункі цалкам сяброўскія і цалкам прыяцельскія, — паказвае Лявон на Алеся-Францішка Мышкевіча ды Паўла Трыпуця і працягвае. — Асабіста мне вельмі падабаецца гурт "Дай Дарогу!". Там, можа быць, нешта няскладна зарыфмавана, але ўсё тое, што робіць Стыльскі, вельмі-вельмі стыльна. А пра Brutto (усе чамусьці смяюцца)... Сяргей заўсёды знаходзіць сабе нейкі шлях, нейкі вектар, абірае яго, ідзе, спатыкаецца пару разоў, а потым дасягае поспеху. Усё ў яго добра".
Затым гучыць пажаданне ад хлопца гадоў 16-ці, каб пра канцэрты Вольскага "пераходнага перыяду" паведамлялася хаця б "Укантакце". Хлопец раіць прыдумаць нейкі шыфр, маўляў, ну мы ж партызаны! Лявон абяцае падумаць пра пароль.
"Наколькі складана было арганізаваць канцэрт у гэтым месцы?" — пытаецца мужчына ў Лявона. "Канцэрт размоўнага жанру?" — перапытвае Лявон пад агульны рогат. Увогуле, сустрэча праходзіць у вельмі добразычлівым фармаце. Фэны даведваюцца, напрыклад, што Лявон Вольскі не заўзятар, затое Алесь Мышкевіч балее за "Ювентус", а астатнія музыкі — за БАТЭ. Што Вольскаму ролю ў кіно не прапаноўвалі, але музыкі не супраць зняць свой уласны фільм-эпапею. Што Вольскі і музыкі не маюць ніякіх стасункаў з чыноўнікамі і не спадзяюцца на змены ў іх дачыненні да сябе. Што лідар "Крамбамбулі" не глядзеў фільм "Мы, браты" і не будзе:
"Я чытаў водгукі ў інтэрнэце. А марнаваць час... Ведаеце, ісці ў пустую залу з семкамі, папкорнам... І нарэшце заснуць і прачнуцца на тытрах... Хіба не. А вось на "Гараш" схаджу".
А вось адказ на пытанне наконт таго, чым будуць займацца ўдзельнікі гурта "Крамбамбуля" пасля таго, як адыграюць канцэрт у Вільні 7 лістапада і часова спыняць дзейнасць, становіцца для многіх прысутных нечаканым:
"Я хачу вас папярэдзіць, а можа і расчараваць: мы ніколі не казалі, што гэта наш апошні канцэрт! Мы казалі, што гэта апошні альбом! — усе ўздыхаюць з яўнай палёгкай, чуюцца воплескі. — Мы, хутчэй за ўсё, больш не будзем выпускаць альбомы, але пакідаем за сабой права выпускаць песні. Адну-дзве песні з нагоды чаго-небудзь. А ў альбоме няма сэнсу, бо альбомаў у нас вельмі шмат, і на любую тэму ў нас ёсць песні".
Яшчэ прыхільнікі творчасці Вольскага даведаліся, што паўтарыць подзвіг Змітра Вайцюшкевіча, набыць хату ў вёсцы, заняцца агратурызмам і пісаць у сваё задавальненне музыка ў бліжэйшы час не збіраецца. А вось Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч выклікае ў Лявона эйфарыю:
"Гэта першы чыста беларускі Нобель. Яго атрымаў чалавек, які большасць свайго жыцця пражыў тут, які выдатна ведае беларускую рэчаіснасць, якога абсалютна незаслужана называюць небеларускім літаратарам. Але гэта ўсё лухта. Таму што, калі ўжо Міцкевіч беларускі паэт, то чаму тады Алексіевіч не беларускі літаратар?"
Заканамерна, што большасць тых, хто прыйшоў на сустрэчу з Лявонам Вольскім і "Крамбамбуляй", былі школьнікамі і студэнтыаміі! Некаторыя з іх пазнаёміліся з музыкай Вольскага ў летніку, некаму яе адкрылі бацькі. Нехта падсадзіў на яе цэлы армейскі ўзвод! Што нясуць песні Вольскага моладзі, мы спыталі ў Сашы з аўтографам "Крамбамбулі" на паштоўцы:
"Калі слухаеш песні Вольскага, адчуваеш гонар за сваю краіну. І разумееш, што ёсць людзі, якія таксама, як і ты, любяць яе і шануюць. І ад гэтага разумення на сэрцы становіцца добра і цёпла".
А 7 лістапада Еўрарадыё будзе на канцэрце "Карамбамбулі" ў Вільні.