Крыўдна, у мяне шмат сяброў там: Валерый Дайнека пра забарону на ўезд ва Украіну
Валерый Дайнека / Еўрарадыё
Саліст "Белорусских песняров" Валерый Дайнека пацвердзіў Еўрарадыё, што яму забаранілі ўезд ва Украіну на тры гады.
31 студзеня Дайнека вяртаўся самалётам з Кіева ў Мінск. У кіеўскім аэрапорце падчас праходжання памежнага кантролю Валерыю паведамілі, што ён парушыў украінскае заканадаўства і пазбаўляецца магчымасці ўехаць у краіну на працягу трох гадоў. Прычына — паездка ў Крым.
— Забаранілі мне ўязджаць ва Украіну на словах. Ніякага дакумента не далі, паставілі звычайны штамп аб перасячэнні мяжы. Пасля Крыма я ездзіў ва Украіну ўжо два разы. Не разумею, чаму, калі я вяртаўся ў Мінск, яны раптам апамяталіся.
У Крым я ездзіў летась на міжнародны конкурс, прысвечаны 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прадстаўляў Беларусь, быў у журы. Я не ведаў, што можна трапіць у Крым праз Украіну, так бы не было праблем. Тады было зручней ляцець чартарным рэйсам з Расіі, інакш бы не паспеў, — расказвае Еўрарадыё Валерый Дайнека.
Цяпер музыка ездзіў у Кіеў на юбілей да свайго сябра.
— Вядома, крыўдна ўсё гэта, у мяне шмат сяброў ва Украіне. Але звяртацца куды-небудзь, скардзіцца не бачу сэнсу, — дадае Дайнека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.