Кучук — пра ўмовы на Акрэсціна: пасля звестак у СМІ хлоркі ў камеры стала менш

Кучук — пра ўмовы на Акрэсціна: пасля звестак у СМІ хлоркі ў камеры стала менш

Пасля 15 сутак арышту на волю выйшаў Дзмітрый Кучук — лідар партыі "Зялёныя". Яго затрымалі 26 красавіка на партыйным офісе. На гэты дзень Кучук ды іншыя палітычныя актывісты падавалі заяўкі на традыцыйны "Чарнобыльскі шлях", але ўлады яго забаранілі.

У каментары "Нашай Ніве" палітык расказаў, у якіх умовах давялося сядзець на Акрэсціна ў ў Жодзіне.

На Акрэсціна ён сядзеў у камеры на васьмярых, дзе было 18 чалавек. Амаль усіх іх затрымалі 26 красавіка. "Затрыманні неабгрунтаваныя: хтосьці ішоў у "Галерэю" па пакупкі, адзін рабочы з МТЗ падняў руку ля Кастрычніцкай — яго затрымалі. Сядзелі са мной навуковы супрацоўнік з Акадэміі навук, праграміст, увесь спектр грамадства. Пры гэтым немагчыма сказаць, што яны мэтанакіравана ішлі на "Чарнобыльскі шлях", — згадвае Кучук.

Палітык кажа, што на Акрэсціна вязняў амаль цалкам пазбаўляюць сну: тройчы на ноч праходзяць праверкі, і арыштаваны павінен адгукнуцца, калі называюць яго імя.

Згадаў ён і тое, як у камеры выліваюць вядро з растворам хлоркі, пра што расказвалі іншыя вязні Акрэсціна. Міліцэйскае ведамства на гэта заявіла, што так адбываецца прафілактыка караравіруса. "На Акрэсціна хлорка была штодня, але я не магу сказаць, што яна была моцнай канцэнтрацыі. Магчыма, паўплывала хваля ў СМІ, калі падымалі гэтую тэму", — адзначае палітык.

У Жодзіне, па яго словах, таксама ўмовы былі цяжкімі: у камеры на 10 чалавек было 15 насельнікаў. Матрацаў ім не выдалі, патлумачыўшы, што палітычным не даюць. 

"Былі выпадкі, калі білі па нагах. Аднаму пенсіянеру, здаецца, яму гадоў 70, трапіў на суткі з сынам, моцна паранілі нагу. І маладым людзям дзесьці білі па костачках, моцна апухалі ногі", — распавядае Кучук.

Па яго словах, ад холаду ў камеры людзі пастаянна прастывалі, у паловы арыштаваных была гарачка. Але доктара дамагчыся было практычна немагчыма, і ахоўнікі казалі: "Адкуль вы ведаеце, што ў вас тэмпература?". 

"У Жодзіне таксама пазбаўляюць сну, пастаянна ўключанае святло, бывала, што пасля адбою надоўга ўключалі радыё і было практычна немагчыма заснуць. Нельга было сядзець на першым ярусе, спаць днём", — дзеліцца палітык успамінамі пра свой арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі