Куды прыляцелі расійскія ракеты, якія сёння запусцілі з Беларусі

Запуск ракет / Фота з сацсетак
Запуск ракет / Фота з сацсетак

28 ліпеня з 4 да 6 раніцы паветраная трывога была абвешчаная амаль па ўсёй тэрыторыі Украіны. Частку ракетаў запусцілі з Беларусі. Украінскія ўлады заявілі, што іх было больш за два дзясяткі. Якія канкрэтна аб'екты пацярпелі ад іх, чыноўнікі не гавораць з меркаванняў бяспекі. 

Як расказаў намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў, у Чарнігаўскай вобласці пад абстрэл трапіў пасёлак Ганчароўскае.

"Па населеным пункце ўдарылі з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, каля дваццаці снарадаў прыляцела па пазіцыях нашых войскаў. Пускі былі здзейсненыя з населенага пункта Зябраўка Рэспублікі Беларусь. Ёсць страты ў нашым асабовым складзе. Страты ўдакладняюцца", — паведаміў Аляксей Громаў.

Інфармацыю пра ракеты пацвердзіў і кіраўнік Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Чаўс.

"Больш за 10 "прылётаў" па тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці. Цяпер не буду казаць, дзе, з мэтамі бяспекі. Інфармацыя пра ахвяры і разбурэнні ўдакладняецца. Гэтага цяпер не магу каментаваць", — сказаў ён.

Паводле яго словаў, украінскія памежнікі кантралююць сітуацыю на мяжы. Вячаслаў Чаўс таксама заклікаў мясцовых жыхароў не наведваць лясы ў памежжы.

"Гэта вельмі важна, таму што ёсць рызыкі для жыцця і здароўя. Мы таксама рыхтуемся сустракаць ворага, калі ён вырашыць другі раз ісці да нас", — падкрэсліў Чаўс.

У аператыўным камандаванні "Поўнач" паведамілі, што большасць выпушчаных ракетаў прызямлілася ў лясных масівах вобласці.

Вядома, што акрамя пасёлка Ганчароўскае і яго акругі пад абстрэл трапілі Вышгарадскі і Бучанский раёны на Кіеўшчыне.

Улады Кіеўскай вобласці кажуць, што ў Вышгарадскі раён з Беларусі запусцілі 7 ракетаў. Дзве з іх удалося збіць супрацьпаветраным сілам Украіны. У Вышгарадскім раёне ракеты трапілі ў інфраструктурны аб'ект. Але ў які, улады пакуль не ўдакладняюць. 

Ад прылётаў пад Кіевам, паводле папярэдніх звестак, ніхто не пацярпеў. Сілы супрацьпаветранай абароны збілі ракеты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі